среда, 11 января 2023 г.

Літаратурны постынг

 

Літаратурны постынг як прыём аналізу мастацкіх твораў

Матэрыял размешчаны ў "Настаўніцкай газеце":

https://nastgaz.by/litaraturny-postyng/

Батура, Т. Літаратурны постынг / Т.А. Батура // 

Настаўніцкая газета. – 2022. – №70. – 28 чэрвеня. –  С. 6.

Сёння звыклай з’явай стала публікацыя пастоў у інтэрнэце. Пост – гэта маляўнічы інфармацыйны блок на пэўную тэму, размешчаны ў сацыяльных сетках з мэтай прыцягнення ўвагі. Да яго стварэння існуюць адпаведныя патрабаванні: невялікі аб’ём, змястоўная карцінка, цікавае напаўненне. Трансляцыя пастоў – гэта спосаб перадачы ўласнага бачання свету, магчымасць зацікавіць аднадумцаў да тымі момантамі, якія ўзрушылі аўтара.

Прыём пастоў можна ўдала выкарыстоўваць на ўроках літаратуры. Такім спосабам  праводзіцца рэклама мастацкіх твораў. Работа складаецца з некалькіх этапаў. Спачатку афармляецца фотаінсталяцыя: падбіраюцца прадметы і аксесуары, якія трапяць у аб’ектыў фотакамеры. Часцей за ўсё галоўнымі атрыбутамі становяцца кнігі, партрэты пісьменнікаў, ілюстрацыі да твораў. Мэтазгодным будзе выкарыстаць тэматычныя рэчы, гэта значыць тыя, якія звязаны з сюжэтам. Самабытныя прадметы можна адшукаць у музеі, а з кнігамі і перыёдыкай дапаможа бібліятэка. Звычайныя побытавыя рэчы таксама могуць спатрэбіцца.  Напрыклад, пры падрыхтоўцы паста да апавядання Змітрака Бядулі “Бондар” у кадры апынуўся драўляны посуд, да апавядання Вячаслава Адамчыка “Салодкія яблыкі” – яловы кол і антонаўкі, да байкі Алеся Звонака “Гарбуз” – прадстаўнік аднайменнай агародніны. Пры апісанні “Жыція Ефрасінні Полацкай” усе патэнцыяльныя складнікі інсталяцыі не змясціліся ў адной панараме, таму давялося ўключыць некалькі ў агульную нізку. Толькі партрэтаў святой назбіралася шмат, а яшчэ важна было ўзгадаць  пра крыж (у тым ліку сучасную копію), сабор, помнік. Дарэчнай была таксама стужка часу. Падбіраць тэматычную экспазіцыю – вельмі займальна для вучняў, яны з энтузіазмам прапануюць свае варыянты і знаходзяць неабходныя рэчы. Да месца будуць ранейшыя вучнёўскія ілюстрацыі да твораў, якія заўсёды ёсць у метадычнай скарбонцы настаўніка, або падобныя рэпрадукцыі карцін мастакоў. Далей, калі атрыбутыка сабрана, неабходна эфектна сфатаграфаваць, выбраўшы правільны ракурс. Можна скарыстацца функцыямі апрацоўкі фатаграфій, паэксперыментаваць з колерам, ценем і фонам.

Наступны этап – тэкставае паведамленне. Яно павінна быць лаканічным, ёмістым, змястоўным і прывабным. Гэта міні-сачыненне-разважанне ў публіцыстычным стылі. Галоўная задача – раскрыць сутнасць прадстаўленага вышэй фотаздымка і заінтрыгаваць чытача. У тэкст могуць быць уключаны цытаты, якія выражаюць асноўную думку, уласныя разважанні над узнятымі праблемамі, кароткая характарыстыка герояў і г.д. Вось як вучаніца напісала пра апавяданне Івана Пташнікава “Алені”: “Іх было чацвёра, і ішлі яны адзін за адным…” Часам нам не хапае той спагады да жывёл, якую праявіла дзяўчынка Ірка ў апавяданні “Алені” І.Пташнікава.  Сябры, давайце ж таксама захапляцца хараством прыроды і дапамагаць братам нашым меншым! Зробім свет дабрэйшым!” Яшчэ прыклад: “Падарожжа ў мінулае можна здзейсніць дзякуючы паэме Якуба Коласа “Новая зямля”. Разам з героямі мы трапляем у звычайныя працоўныя будні нашых продкаў. Выдатны спосаб віртуальнага вывучэння гісторыі і культуры!”

І апошні штрых – прымацаванне хэштэгаў, якія будуць выконваць функцыю маячкоў заяўленай тэмы. Гэта тыя маркёры, што дапамагаюць зацікаўленым асобам хутчэй знайсці патрэбны кантэнт і адфільтраваць лішняе. Так, у пастах пра аповесць Кузьмы Чорнага “Насцечка”  прыводзіліся такія хэштэгі: #беларускаялітаратура#аповесцьдляпадлеткаў#насцечка #закрэўскі #серж #сяброўства #фанабэрыстасць#эгаізм#уменнепрабачаць. А пра аповесць Івана Шамякіна “Непаўторная вясна”- #каханне #выпрабаванне #рэўнасць #студэнт #паэт #фельдшарка #пятроісаша #даваеннычас.

Стварэнне пастоў можна ажыццяўляць у форме індывідуальнага задання, так і ў форме КТС (калектыўная творчая справа), калі над адным праектам задзейнічана група вучняў. Тады неабходна правільна размеркаваць ролі згодна з магчымасцямі і прыхільнасцямі вучняў. Адны адказваюць за падбор, размяшчэнне і фатаграфаванне рэквізіту, другія – за тэкставы блок, трэція – за фармуліроўку хэштэгаў. Тэхнічна падкаваныя займаюцца непасрэднай выкладкай агульнага выніку дзейнасці ў інтэрнэце. Зручна мець дзяжурны акаўнт, куды размяшчаюцца гатовыя, пасля мадэрацыі настаўніка, пасты.

Пост – гэта мабільны прадукт. Яго можна рэдагаваць, дапаўняць новым тэкстам і фотаздымкамі (зрабіць так званую “карусельку”), а іншыя карыстальнікі маюць магчымасць адзначаць сваю прыхільнасць, паставіўшы лайк, або напісаць каментарый. Звычайна аднакласнікі з’яўляюцца падпісчыкамі адно аднаго ў сацыяльных сетках, таму нескладана прасачыць іх камунікацыю ў дачыненні да створанага паста пра мастацкі твор. Аналіз ж адбываецца ў рэальным фармаце, менавіта на ўроку. Кожны з вучняў, удзельнікаў анлайн-абмеркавання, можа выступіць са сваімі аргументамі ўжывую, даказваючы ўласны пункт гледжання.

Як бачым, прыём стварэння пастоў да мастацкіх твораў – творчы працэс, які патрабуе крытычнага мыслення і грунтоўнай аналітыкі пройдзенага матэрыялу. Гэта сучасны займальны спосаб арганізацыі вучэбнай дзейнасці.





 

Комментариев нет:

Отправить комментарий