воскресенье, 21 ноября 2021 г.

Да 130- годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча

 

Мадонна Багдановіча

        Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастаці,
                                       І душы мацярэй нас могуць чараваці;
                       Вышэйшая краса – у іх злітнасці жывой!                                                                                                                            

                                                         М.Багдановіч

Пранізлівы восеньскі вецер з сілаю гойдае пажаўцелыя кусты і дрэвы. Неба зацягвае цёмнымі хмарамі, сонца даўно пайшло на адпачынак. На душы таксама пасялілася нейкая змрочнасць і халадэча. Стаю на магіле Марыі Панасаўны, маці Максіма Багдановіча, і разважаю, углядаючыся ў халодны камень надмагільнай пліты, абліты асеннім дажджом, як пакутаваў паэт ад недахопу матчынай ласкі і цеплыні, які след гэта бессардэчная акалічнасць пакінула  у яго лёсе. Вельмі рана, у пяцігадовым узросце, Максім страціў сваю матулю. Марыі Панасаўне было адпушчана  мала жыцця, толькі 28 гадоў. Пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці яна амаль адразу ж злягла. Імкліва пачалі развівацца сухоты. . . Разам з двума старэйшымі братамі і маленькай сястрычкай, Максім  застаўся сіратой. Іх выхаваннем занялася цётка, Марыя Ягораўна.  Бацька ж потым яшчэ два разы жаніўся, а дзеці так і не адчулі сапраўднай матчынай ласкі.

 Максім Багдановіч, як і яго маці, пражыў кароткае жыццё (усяго 25 гадоў), але пакінуў нам вялікую спадчыну. Ён быў сапраўдным патрыётам, вялікім паэтам і празаікам, выдатным  майстрам паэтычнай формы, таленавітым перакладчыкам і крытыкам, удумлівым філосафам. Знаёмства з творчасцю Багдановіча пераконвае, што ён  спяваў усім сэрцам, аддаючы народу свой талент да кроплі. Многія яго вершы (“Зорка Венера”, “Слуцкія ткачыхі” і іншыя) даўно зрабіліся папулярнымі народнымі песнямі. Па яго лірыцы мы вывучаем законы вершаскладання, апіраючыся на створаныя санеты, трыялеты, рандо, тэрцыны.

         Мадонна – жанчына-маці. Вобраз той, хто даў яму жыццё, хто цешыў і галубіў яго ў далёкім дзяцінстве, Максім Багдановіч насіў глыбока ў сваім сэрцы. Хай сабе сцерліся з памяці яе рысы твару, але ўспамін пра маці і саграваў, і быў шчымліва сумным адначасова. Спецыяльных вершаў-прысвячэнняў сваёй маці ў паэта няма. Аднак не выклікае сумнення тое, што  цыкл “Каханне і смерць”, які ўвайшоў у адзіны прыжыццёвы зборнік “Вянок”, у пэўнай ступені навеяны вобразам Марыі Панасаўны. Ва ўсякім разе, адзін з вершаў надзвычай блізка пераклікаецца  з тымі трагічнымі падзеямі, якія адбыліся ў сям’і Багдановічаў.

Пасля радзін ты ўсё штодня марнееш:                                                                                     Асунулася цела, збляклы твар,                                                                   Засмяглі і патрэскаліся губы:                                                                                     На іх парой няпэўна прабяжыць                                                                 Пасмех – і знікне, жалкі і пужлівы,                                                                           Як цені, сіняватыя кругі                                                                                        Навокала вачэй ляглі, а вочы                                                                                     Як быццам просяць злітавацца ўсіх.

         Маці    Максіма    знясілела    пасля    з’яўлення   дачушкі, мачыха     таксама    памерла    пры   родах. Раней жанчыны часта     адыходзілі   на   той   свет  адразу  пасля    выканання   гэтага     святога     абавязку,    таму    ў     паэта   і    знаходзім услаўленне   апошняга   мацярынскага  геройскага   ўчынка:

Слава тым, хто сілу мае

Смерць, не дрогнуўшы, спаткаць,

Хто ў мучэннях памірае,

Каб жыццё дзіцёнку даць!

Місію маці паэт лічыць велічнай, светлай, галоўнай. Удумліва, з захапленнем і замілаванасцю ён гаворыць аб цудоўных пачуццях будучай мамы:

Як хораша, калі дзіцё

Пад сэрцам ціха зварухнецца,

І ўраз па целу разліецца

Яшчэ нязвычнае чуццё.

Душа – у салодкім палусне,

І кажуць знакі чалавечка:

“Я – пценчык, ты – маё гняздзечка,

Не руш, не руш, не руш мяне!”

Асаблівую    замілаванасць    у    мяне     выклікае     нізка   “Мадонны”,   у   якую   ўваходзяць      вершаваныя   апавяданні   “У вёсцы”   і     “Вераніка”.    Думаю,   не     будзе    памылкай  выказаць   меркаванне,   што  вобраз  Марыі Панасаўны  і тут   сваю     ролю.    А    можа    гэты    цыкл    прысвечаны    Ганне   Какуевай,    сястры   яраслаўскага   сябра   Максіма,  у  якую  ён   быў  закаханы?   Нам    застаецца    толькі    здагадвацца  аб   гэтым.  Тая  пара,  калі паэт  амаль штовечар праводзіў у доме    Какуевых,  была   самай   шчаслівай   у     яго    жыцці,   нават     нягледзячы     на     абыякавасць     з    боку    каханай. Стройная,   з   цёмнымі   вачыма  і   мілай   усмешкай,  Ганна   зачаравала   Максіма.   Яна    стала   для   паэта   музай,    як Лаура  для  Пятраркі.  Нядзіўна, адкуль  нарадзіліся  ў яго  такія  шчырыя   чыстыя   радкі:
         Больш за ўсё на свеце жадаю я,
         Каб у мяне быў свой дзіцёнак —
         Маленькая дачушка- немаўляшка,
         Аня Максімаўна, такая прыгожанькая,
         Цёпленькая, мокранькая,
         3 чорнымі валосікамі і броўкамі,
         3 цёмна-карымі вочкамі,
         А ручкі, як перацянутыя ніткамі.
         Зусім такая, як Вы,
         Калі Вы былі маленькай дзяўчынкай.

Хутчэй за ўсё, цыкл “Каханне і смерць” прысвечаны Ганне Какуевай, а, што датычыцца нізкі “Мадонны”, тут, мне здаецца, пераважае ўплыў Марыі Панасаўны.

Рысы мадонны ёсць у кожнай дзяўчынкі з маленства. Пра сустрэчу,  якая надоўга засела ў   памяці паэта, крануўшы за жывое, мы дазнаёмся ў вершаваным апавяданні “У вёсцы”. Маленькае дзіцятка паўзло па траве, плачучы. Невялікая дзяўчынка-нянька яго спраўна падхапіла і па-матчынаму ласкава супакоіла.

І, як схіляецца ад ветру верх бярозкі,
Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі
Сціраючы яму, штось пачала казаць,
Каб заспакоіць плач — зусім як быццам маць
І саліваліся ў жывы абраз ядыны
Той выгляд мацеры ды з воблікам дзяўчыны.

У вершаваным апавяданні “Вераніка” лірычны герой закахаўся ў суседку, якая незаўважна пасталела і пахарашэла, ператварыўшыся з дзікага дзіцяці ў статную прыгажуню. Хлопец прызнаўся ёй у сваіх пачуццях, паслаўшы вершы лістом, а яна пры сустрэчы ў адказ рассмяялася. На дзіва, юнак не пакрыўдзіўся, бо ўбачыў у гэтым твары матчыну дабрыню і спагаду.

            I мела дзеўча выгляд мацi,

            Калi тады ка мне яна,

            Трывожнай ласкаю паўна,

            Схiлiлася, як да дзiцяцi,

            Зiяючы перада мной

            У новай пекнасьцi жывой.

         Нараджэнне і выхаванне дзіцяці – першы і святы абавязак жанчыны.  Вобраз мадонны  ўслаўляўся і будзе ўслаўляцца ў мастацтве  заўсёды.Мяне не перастаюць уражваць карціны М.Савіцкага “Партызанская мадонна” і А.Кузьміча “Мадонна”, на якіх мастакі   з замілаванасцю, асцярожнымі мазкамі клалі фарбы на палатно, жадаючы як мага ярчэй паказаць складаную долю беларускай жанчыны-маці, на шляху якой узнікалі цяжкія выпрабаванні – вайна, голад, зруйнаваныя лёсы.

         Маці для М.Багдановіча – святая, у поўным сэнсе гэтага слова, бо яна аддае ўсю сябе дзіцяці, агарнуўшы яго  ўсеабдымнай пяшчотай і клопатам. Такой любоўю, кароткай, але бязмежнай, ахінула Марыя Панасаўна сына Максіма. Свайго Максімку, Максімачку… А ён сваю любоў аддаў родным нівам, родным хатам, роднаму люду, старанна ўплёўшы ў вянок Беларусі “цвяток радзімы васілька”.

… Пранізлівы восеньскі вецер сцішаў, перастаў гойдаць кусты і дрэвы, некалькі сонечных праменьчыкаў баязліва спрабуюць выбліснуць з-за расступіўшыхся грозных хмар, даючы надзею на перамогу святла і цеплыні. І на душы ў мяне таксама пасвятлела, бо, гледзячы на чыста вымытую бліскучую надмагільную пліту Марыі Панасаўны, я ўжо дакладна ведаю, што парасткі дабрыні і спагады, пасаджаныя ёю ў душы сына, узышлі і далі багатыя плады, якімі ён падзяліўся са сваім удзячным беларускім народам.