вторник, 16 апреля 2019 г.

ЭАР для характарыстыкі персанажаў

Традыцыйнае апісанне літаратурных персанажаў не прываблівае сучасных школьнікаў, таму мэтазгодна абапірацца на актуальныя тэндэнцыі і схільнасці дзяцей XXI стагоддзя.  У сувязі з гэтым я прапаную наступныя прыёмы характарыстыкі герояў:
1.     Афармленне старонкі ў сацыяльных сетках.
2.     Стварэнне PR-праграмы (рэкламы).
3.     Складанне фотаробата (“Увага: пошук!”).
Першы від выкарыстоўваю часцей, таму што сацыяльныя сеткі (УКантакце, Аднакласнікі, Мой свет, Facebook інш.) маюць шырокае распаўсюджанне сярод падлеткаў. Прынцып засноўваецца на тым, каб паспрабаваць аформіць віртуальную старонку ў інтэрнэце для літаратурнага героя. Найбольш спрыяльным для выкарыстання дадзенага метаду з’яўляюцца творы, галоўнымі героямі якіх з’яўляюцца дзеці, равеснікі вучняў. Нашы школьнікі з вялікім задавальненнем і энтузіязмам прымаюцца за гэтую справу. За некалькі хвілін яна па памяці малююць на паперы выгляд старонкі УКантакце, падпісваючы ўсе ўкладкі. Каб запоўніць такую віртуальную старонку, неабходна прааналізаваць характар персанажа, яго схільнасці і ўчынкі, узаемаадносіны з іншымі героямі. А для гэтага – прачытаць твор. Дзеля пагружэння ў блізкую ім і камфортную сферу школьнікі згодны ўзяцца за кнігу. Найбольш удалымі былі нашы працы па складанні старонак у сацыяльных сетак для Лёні і Грышы з апавядання “Сябры” Алены Васілевіч (6 клас), Насцечкі і Сержа з аповесці “Насцечка” Кузьмы Чорнага (6 клас), Лаўрука з апавядання Змітрака Бядулі “На Каляды к сыну” (7 клас). Дзеці перакладаюць камп’ютарныя ўкладкі на беларускую мову, вышукваюць у тэксце неабходны матэрыял для запаўнення старонкі. Напрыклад, для Грышы адна вучаніца паставіла статус “Не крыўдуй на мяне, мой сябар”, а другая ў стужцы навін пазначыла: “Лёня паставіў клас на выслоўе “Сябар пазнаецца ў бядзе”.  А для Лаўрука сямікласнікі запоўнілі доўгую стужку яго перапіскі  і з пакрыўджанай маці, і з магчымымі сябрамі-панамі, аналізуючы выпадак з апавядання. Пры выкарыстанні дадзенага метада, важна даць зразумець вучням, што неабходна па-максімуме дэталёва і правільна запоўніць існуючыя закладкі, нічога не прыдумваць і ўмець патлумачыць выкарыстоўваемую інфармацыю. У дзяцей часта складваецца няправільнае меркаванне, што калі яны маляўніча аформілі старонку і насыцілі яе разнастайным кантэнтам, то ўжо заслугоўваюць высокай адзнакі. Галоўнае ж тут – якасць падаваемага матэрыялу, суадноснасць з мастацкім творам, адсутнасць змястоўных і нават гістарычных памылак.
Праца над другім прыёмам (стварэнне PR-праграмы) прадугледжвае гульню ў піяршчыка (PR-менеджара), прафесія якога зараз шырока распаўсюджана ў шоу-бізнесе. Вучні ўяўляюць сябе піяршчыкам, а героя твора – сваім пратэжэ, якога трэба прарэкламаваць. Для такой працы неабходна грунтоўна прааналізаваць асобу героя, вылучыць яго рысы характару. Спачатку даю дзецям алгарытм і ў дадзенай дзейнасці: расказаць пра свайго “падапечнага” з мэтай яркай характарыстыкі, вылучыўшы самае галоўнае. Напрыклад, вучань 6 класа склаў такую рэкламу Насцечкі з аднайменнай аповесці Кузьмы Чорнага:
 “Калі будзеце  сябраваць з Насцяй Закрэўскай, то:
1.     Ніколі не будзеце галоднымі, бо Насця добрая гаспадыня.
2.     У вас заўсёды будзе высокая паспяховасць у школе, таму што яна выдатна вучыцца і вам дапаможа.
3.      Калі ідзеце разам з ёю, то не бойцеся нічога, бо яна вельмі смелая.
4.     Вы заўсёды будзеце смяяцца, бо Насцін смех вельмі заразлівы.
Выбірайце Насцечку ў сябры!”
Сярод распаўсюджаных памылак вылучаецца адсутнасць доказнай базы ў прыведзеных сцверджаннях, аўтары рэкламы імкнуцца ўздзейнічаць на эмоцыі слухача, але часта не могуць патлумачыць свае аргументы. Таму пры  аналізе рэкламы патрабую ад іх аўтараў прыводзіць прыклады з тэксту на кожны пункт.
Тэкставы кантэнт афармляем у выглядзе лістоўкі або брашуры, каб дадаць маляўнічасці і прэзентабельнасці. Для гэтага прыдатны сэрвісы РowerPoint, Paint і нават Microsoft Word.

Трэці від прыёму характарыстыкі – стварэнне фотаробата –  заснаваны на распаўсюджанні дэтэктыўнага кіно. Дзецям знаёма, што пры пошуку пэўнага невядомага чалавека следчымі складаецца яго фотаробат. Я выкарыстоўваю камп’ютарныя праграмы і анлайн-сэрвісы для стварэння фотаробата (PhotoProgs, Faces, 3DHead і інш.), якія існуюць у адкрытым доступе. Тут прапануюцца гатовыя варыянты аблічча: можна выбраць вочы, нос, вушы, авал твару, прычоску і г.д. Трансфармуючы дадзены міліцэйскі метад для характарыстыкі мастацкага вобраза, мы знаходзім у тэксце апісанне яго знешнасці і пераносім на “фотаробат”. Гэты метад не патрабуе шмат часу і асаблівых мастацкіх схільнасцей. Работа выконваецца алоўкам і схематычна. Галоўнае – адлюстраваць сапраўдныя рысы твару, апісаныя аўтарам. Напрыклад, цікавым аказаўся фотаробат Лесуна і Дамавіка, якія шасцікласнікі складалі пры вывучэнні раздзела “Міфы і легенды”. Калі дазваляе час, мы запаўняем цэлую старонку “Увага: пошук”, на якой  размяшчаем апісанне знешнасці для больш падрабязнай характарыстыкі. Такім метадам працавалі з вобразам Даніка Мальца з аповесці Я.Брыля “Сірочы хлеб” у 7 класе. Некаторыя штрыхі можна дадаць, зыходзячы з уласных назіранняў і адпаведных вывадаў. Дэтальнае апісанне знешнасці дапамагае раскрыццю ўнутранага свету героя. 

ЭАР для аналіза мастацкага твора

Пры аналізе мастацкага твора (вызначэння яго ідэйнай праблематыкі) я таксама ўжываю электронныя адукацыйныя рэсурсы. Найбольш апраўдалі сябе наступныя:
1.     Буктрэйлеры.
2.     Аўдыякнігі.
3.     Эфір блогера.
Буктрэйлер – гэта кароткі відэаролік, які распавядае пра пэўную  кнігу, мастацкі твор, інакш кажучы, рэкламуе іх. На ўроках у 5-7 класах часцей выкарыстоўваю гатовыя буктрэйлеры: у якасці анонса перад вывучэннем твора або як падагульненне ў канцы. Вучням 8-9 класаў прапаную самім стаць рэжысёрамі. Для стварэння буктрэйлераў прыстасавана любая праграма для фота- і відэамантажу. Калі працуем з  вядомымі  і лёгкімі ў карыстанні  Windows Movie Maker, Power Point, атрымліваюцца змястоўныя слайдшоу (. Калі ж плануем ужыць больш спецэфектаў альбо дынамікі, то на дапамогу прыходзяць Adobe Photoshop, SonyVegasPro, Pinaccle Studio. Больш выйгрышнымі з’яўляюцца ролікі, у якіх выкарыстоўваюцца ўласныя фотаздымкі, а не спампаваныя з інтэрнэту. Таму першапачаткова неабходна ажыццявіць паход у бібліятэку, тэатр, і, магчыма, нават  сустрэцца з аўтарам кнігі. Такі буктрэйлер стане ўнікальным. Пасля наведвання намі музею М.Багдановіча з’явіўся ролік па творчасці гэтага паэта. Вучні 9 класа стваралі буктрэйлеры паводле ілюстрацый да  паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, а сямікласнікі – да аповесці “Незагойная рана” В.Быкава.
Праслухоўванне аўдыякніг часта  рэкамендую вучням, у якіх павольны тэмп чытання. Асабліва гэта актульна, калі справа датычыцца вялікіх па аб’ёме твораў. Несумненна, лепш асабіста пазнаёміцца з тэкстам, але калі існуе пагроза таго, што вучань не паспее, то дазваляю выбраць дадзены варыянт, каб усё ж дакрануцца да сюжэту. Галоўнай ж функцыяй выкарыстання  фрагментаў аўдыязапісаў лічу прапанова іх як узораў дэкламавання. У маёй медыятэцы прысутнічаюць  спецыяльныя дыскі з запісамі літаратурных твораў, але часцей за ўсё пампую з сеткі інтэрнэт (http://knihi.com/audyjoknihi.html).
Мы нават паспрабавалі пайсці далей і запісалі ўласную міні-аўдыякнігу. Дыктарамі былі абраны вучні 8 класа, яны прадэкламавалі  казку У. Караткевіча “Нямоглы бацька”. Дадзены варыянт аўдыякнігі быў уведзены ў структуру ўрока ў 5 класе.
Гаджэты дазваляюць нам фактычна жыць анлайн. На экранах сусветнага сеціва распавядаюць усе аб усім. Прапаную сваім вучням расказаць аб кнізе, яе аўтары, пастаўленых праблемах, вобразах герояў. Мы не выкладваем ролік у інтэрнэт на ўсеагульны прагляд, а дэманструем яго для больш вузкай аўдыторыі – школы (на мерапрыемстве) ці класа (на ўроку). Мы загадзя рыхтуем тэкст, абдумваем дэкарацыі, фон. Цікавым аказаўся  цыкл ролікаў па тэматыцы “Што мы чытаем”, у якім шасцікласнікі дзяліліся ўражаннямі ад нядаўна самастойна прачытаных кніг. У кожным відэасюжэце чулася зацікаўленасць: расказвалі пра аповесці “Шчарбаты талер” А. Федарэнкі, “Дзяцінства” І. Навуменкі, «Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу» А. Наварыча.
Праца над відэаблогам прымушае развіваць розныя сферы разумовай дзейнасці: логіку, аналітыку, крытыку. Блогер – гэта рэжысёр, які павінен ёміста, дакладна і лаканічна данесці інфармацыю. Разам з тым галоўны акцэнт робіцца на эмоцыі. Пры сухім, манатонным агучванні тэксту не варта чакаць нейкага эфекту. Глядач патрабуе яркай карцінкі. Таму асноўны акцэнт мы робім на міміку, жэсты, адпаведную інтанацыю.
Калі перад намі ваенная тэматыка, то прапаную “выпусціць у эфір” відэа з разважаннямі над праблемай “Навошта нам трэба чытаць пра вайну?” Большасць  вучняў даюць адназначны адказ: каб падобнай трагедыі не паўтарыць. Але прадстаўляюць яго яны па-рознаму. Выйгрышнымі былі тыя сюжэты, у якіх блогеры выбралі кранальны тон, узгадвалі пару прыкладаў мастацкіх твораў і звярталіся да гледачоў з просьбай задумацца.