среда, 11 января 2023 г.

Літаратурны постынг

 

Літаратурны постынг як прыём аналізу мастацкіх твораў

Матэрыял размешчаны ў "Настаўніцкай газеце":

https://nastgaz.by/litaraturny-postyng/

Батура, Т. Літаратурны постынг / Т.А. Батура // 

Настаўніцкая газета. – 2022. – №70. – 28 чэрвеня. –  С. 6.

Сёння звыклай з’явай стала публікацыя пастоў у інтэрнэце. Пост – гэта маляўнічы інфармацыйны блок на пэўную тэму, размешчаны ў сацыяльных сетках з мэтай прыцягнення ўвагі. Да яго стварэння існуюць адпаведныя патрабаванні: невялікі аб’ём, змястоўная карцінка, цікавае напаўненне. Трансляцыя пастоў – гэта спосаб перадачы ўласнага бачання свету, магчымасць зацікавіць аднадумцаў да тымі момантамі, якія ўзрушылі аўтара.

Прыём пастоў можна ўдала выкарыстоўваць на ўроках літаратуры. Такім спосабам  праводзіцца рэклама мастацкіх твораў. Работа складаецца з некалькіх этапаў. Спачатку афармляецца фотаінсталяцыя: падбіраюцца прадметы і аксесуары, якія трапяць у аб’ектыў фотакамеры. Часцей за ўсё галоўнымі атрыбутамі становяцца кнігі, партрэты пісьменнікаў, ілюстрацыі да твораў. Мэтазгодным будзе выкарыстаць тэматычныя рэчы, гэта значыць тыя, якія звязаны з сюжэтам. Самабытныя прадметы можна адшукаць у музеі, а з кнігамі і перыёдыкай дапаможа бібліятэка. Звычайныя побытавыя рэчы таксама могуць спатрэбіцца.  Напрыклад, пры падрыхтоўцы паста да апавядання Змітрака Бядулі “Бондар” у кадры апынуўся драўляны посуд, да апавядання Вячаслава Адамчыка “Салодкія яблыкі” – яловы кол і антонаўкі, да байкі Алеся Звонака “Гарбуз” – прадстаўнік аднайменнай агародніны. Пры апісанні “Жыція Ефрасінні Полацкай” усе патэнцыяльныя складнікі інсталяцыі не змясціліся ў адной панараме, таму давялося ўключыць некалькі ў агульную нізку. Толькі партрэтаў святой назбіралася шмат, а яшчэ важна было ўзгадаць  пра крыж (у тым ліку сучасную копію), сабор, помнік. Дарэчнай была таксама стужка часу. Падбіраць тэматычную экспазіцыю – вельмі займальна для вучняў, яны з энтузіазмам прапануюць свае варыянты і знаходзяць неабходныя рэчы. Да месца будуць ранейшыя вучнёўскія ілюстрацыі да твораў, якія заўсёды ёсць у метадычнай скарбонцы настаўніка, або падобныя рэпрадукцыі карцін мастакоў. Далей, калі атрыбутыка сабрана, неабходна эфектна сфатаграфаваць, выбраўшы правільны ракурс. Можна скарыстацца функцыямі апрацоўкі фатаграфій, паэксперыментаваць з колерам, ценем і фонам.

Наступны этап – тэкставае паведамленне. Яно павінна быць лаканічным, ёмістым, змястоўным і прывабным. Гэта міні-сачыненне-разважанне ў публіцыстычным стылі. Галоўная задача – раскрыць сутнасць прадстаўленага вышэй фотаздымка і заінтрыгаваць чытача. У тэкст могуць быць уключаны цытаты, якія выражаюць асноўную думку, уласныя разважанні над узнятымі праблемамі, кароткая характарыстыка герояў і г.д. Вось як вучаніца напісала пра апавяданне Івана Пташнікава “Алені”: “Іх было чацвёра, і ішлі яны адзін за адным…” Часам нам не хапае той спагады да жывёл, якую праявіла дзяўчынка Ірка ў апавяданні “Алені” І.Пташнікава.  Сябры, давайце ж таксама захапляцца хараством прыроды і дапамагаць братам нашым меншым! Зробім свет дабрэйшым!” Яшчэ прыклад: “Падарожжа ў мінулае можна здзейсніць дзякуючы паэме Якуба Коласа “Новая зямля”. Разам з героямі мы трапляем у звычайныя працоўныя будні нашых продкаў. Выдатны спосаб віртуальнага вывучэння гісторыі і культуры!”

І апошні штрых – прымацаванне хэштэгаў, якія будуць выконваць функцыю маячкоў заяўленай тэмы. Гэта тыя маркёры, што дапамагаюць зацікаўленым асобам хутчэй знайсці патрэбны кантэнт і адфільтраваць лішняе. Так, у пастах пра аповесць Кузьмы Чорнага “Насцечка”  прыводзіліся такія хэштэгі: #беларускаялітаратура#аповесцьдляпадлеткаў#насцечка #закрэўскі #серж #сяброўства #фанабэрыстасць#эгаізм#уменнепрабачаць. А пра аповесць Івана Шамякіна “Непаўторная вясна”- #каханне #выпрабаванне #рэўнасць #студэнт #паэт #фельдшарка #пятроісаша #даваеннычас.

Стварэнне пастоў можна ажыццяўляць у форме індывідуальнага задання, так і ў форме КТС (калектыўная творчая справа), калі над адным праектам задзейнічана група вучняў. Тады неабходна правільна размеркаваць ролі згодна з магчымасцямі і прыхільнасцямі вучняў. Адны адказваюць за падбор, размяшчэнне і фатаграфаванне рэквізіту, другія – за тэкставы блок, трэція – за фармуліроўку хэштэгаў. Тэхнічна падкаваныя займаюцца непасрэднай выкладкай агульнага выніку дзейнасці ў інтэрнэце. Зручна мець дзяжурны акаўнт, куды размяшчаюцца гатовыя, пасля мадэрацыі настаўніка, пасты.

Пост – гэта мабільны прадукт. Яго можна рэдагаваць, дапаўняць новым тэкстам і фотаздымкамі (зрабіць так званую “карусельку”), а іншыя карыстальнікі маюць магчымасць адзначаць сваю прыхільнасць, паставіўшы лайк, або напісаць каментарый. Звычайна аднакласнікі з’яўляюцца падпісчыкамі адно аднаго ў сацыяльных сетках, таму нескладана прасачыць іх камунікацыю ў дачыненні да створанага паста пра мастацкі твор. Аналіз ж адбываецца ў рэальным фармаце, менавіта на ўроку. Кожны з вучняў, удзельнікаў анлайн-абмеркавання, можа выступіць са сваімі аргументамі ўжывую, даказваючы ўласны пункт гледжання.

Як бачым, прыём стварэння пастоў да мастацкіх твораў – творчы працэс, які патрабуе крытычнага мыслення і грунтоўнай аналітыкі пройдзенага матэрыялу. Гэта сучасны займальны спосаб арганізацыі вучэбнай дзейнасці.





 

понедельник, 10 января 2022 г.

Навукова-даследчая дзейнасць

 СЕМАНТЫЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ БЕЛАРУСКАМОЎНЫХ НАЗВАЎ

ТАВАРАЎ АЙЧЫННЫХ ВЫТВОРЦАЎ


Аўтар: Паўловіч Алёна Леанідаўна,

вучаніца 8 класа

Кіраўнік: Батура Таццяна Аляксандраўна,

 настаўнік беларускай мовы і літаратуры

 

 

                                       УВОДЗІНЫ

Мы жывём у асяроддзі слоў – назваў прадметаў, працэсаў, якасцей, з'яў, акружаючых нас людзей. Але ёсць словы, якія займаюць асаблівае становішча ў сістэме мовы, прызначаныя для абазначэння канкрэтных прадметаў і з'яў, і якія вылучаюць іх з шэрагу падобных, аднатыпных прадметаў і з'яў, - імёны ўласныя. Да іх адносяцца як імёны рэальна існуючых людзей, гарадоў і рэк, так і назвы прадметаў, крам і харчовых тавараў. Асаблівую ролю ў сучаснай рэчаіснасці набылі камерцыйныя абазначэнні – група ўласных імёнаў, якая перажыла сваё другое нараджэнне ў 90-х гадах XX стагоддзя, калі, усвядоміўшы перавагі найменнай прадукцыі, вытворцы сутыкнуліся з праблемай пошуку ўдалых назваў.

На сённяшні дзень на рынку прадстаўлена шматлікая беларуская прадукцыя. Стаў вельмі папулярным слоган “Купляйце беларускае!”, які прываблівае пакупнікоў і апраўдвае выказаны давер. Аднак толькі невялікая колькасць тавараў мае беларускамоўную назву. Найменні тавараў і прадпрыемстваў таксама з’яўляюцца важным складнікам нацыянальнай гісторыі і культуры.

Мэта дадзенай навуковай працы –  вывучэнне семантычнай структуры i апісанне асаблівасцей функцыянавання беларускамоўных назваў тавараў і прадпрыемстваў айчынных вытворцаў.

Задачы:

-       выявіць сутнасць неймінгу, ахарактарызаваць тэхнікі неймінгу;

-       высветліць лексіка-семантычныя асаблівасці зафіксаваных прагматонімаў і эргонімаў;

-       вывучыць частотнасць і прычыны выкарыстання беларускамоўных назваў тавараў;

-       прапанаваць пералік уласных патэнцыяльных прагматонімаў для кандытарскіх вырабаў з правядзеннем  іх вонкавай рэкламы;

-       правесці лінгвістычны эксперымент-апытанне на веданне і тлумачэнне існуючых на рынку беларускамоўных найменняў тавараў.

Аб’ект даследавання – эргонімы і прагматонімы беларускіх вытворцаў, прадмет– лексіка-семантычныя асаблівасці дадзеных катэгорый.

         Актуальнасць даследавання вызначаецца неабходнасцю комплекснага вывучэння беларускамоўных эргонімаў і прагматонімаў як  фактару развіцця нацыянальнай свядомасці.

 Метады даследавання: назіранне, параўнанне, абагульненне, класіфікацыя, лінгвістычны аналіз, анкетаванне, статыстычная апрацоўка матэрыяла (матэматычныя разлікі, складанне дыяграм).

Можна прапанаваць гіпотэзу наконт таго, што распаўсюджанне беларускамоўныя назвы тавараў і брэндаў айчынных вытворцаў  спрыяе павелічэнню лексікона спажыўцоў.

Дадзеная тэма раней асобна не вывучалася, таму цікавым і карысным будзе даследаванне лексіка-семантычнай структуры беларускамоўных найменняў і іх уплыву на спажыўцоў.

Работа мае арганізаваную структуру і складаецца з уводзінаў, асноўнай часткі з двух раздзелаў, заключэння, спісу выкарыстаных крыніц і дадаткаў, у якія ўключаны пералік разгледжаных прагматонімаў і эргонімаў, дыяграма іх семантычнага размеркавання, спіс патэнцыяльных беларускамоўных  прагматонімаў (назваў кандытарскіх вырабаў) і іх вонкавая рэклама (білборд).

 

 

 

 

 

 

 

 

 1. АСНОЎНЫЯ ПАНЯЦЦІ НЕЙМІНГУ

Мы, звычайныя людзі, спажыўцы, вымушаны знаходзіцца ў свеце, дзе нас акружае  мноства тавараў і паслуг. На рынку існуе вялікая колькасць тавараў і прадпрыемстваў. Для таго, каб вылучыцца, знайсці сваю адметнасць камерсанты імкнуцца прыдумаць самабытную назву, якая стала б адначасова рэкламай і прыцягнула ўвагу пакупніка.

У анамастыцы замацаваўся спецыяльны тэрмін для абазначэння славесных таварных знакаў – прагматонім (ад грэчаскага прагма – рэч, тавар). Пад ім разумеецца любое славеснае абазначэнне маркі тавару ці віду прапануемых паслуг, ахоўваемых законам. Таварны знак служыць актыўным сродкам прыцягнення ўвагі пакупнікоў да маркіраваных тавараў і дазваляе спажыўцам выбраць неабходныя ім тавары пэўнага вытворцы.

Прагматонімыславесныя таварныя знакі, уласныя назвы харчовых тавараў. У савецкі час камерцыйныя намінацыі тавараў адносіліся лінгвістамі да перыферыі анамастычный прасторы. У сувязі са змененым характарам эканамічных адносін у постсавецкі час намінацыі прадуктаў харчавання становяцца адной з прыярытэтных падсістэм у маркетынгавай, рэкламнай і паўсядзённай камунікацыях. Як вынік гэтага адбываецца магутнае развіццё прагматонімаў у сучаснай лінгвістыцы, а таксама актыўнае іх ўжыванне ўсімі пластамі насельніцтва. Яны складаюць неад'емную частку нашага паўсядзённага жыцця.  Дзякуючы вельмі шырокаму асартыменту тавараў, з якімі спажывец штодня мае справу, а таксама інтэнсіўнай рэкламе  гэтых тавараў, іх камерцыйныя назвы становяцца часткай актыўнага слоўнікавага запасу сучасных носьбітаў  мовы [10] .

Прагматонім – гэта штучная адзінка, якая ствараецца выключна з пэўнай мэтай. Цаной выбару няўдалай назвы можа быць правал усёй маркетынгавай кампаніі, таму працэс стварэння прагматоніма практычна выключае выпадковы выбар назвы.  Яго распрацоўкай займаюцца прафесійныя агенствы.

Працэс стварэння прагматоніма пачынаецца з неймінгу. «Як карабель назавеш - так ён і паплыве». Гэтая цытата дакладней за ўсё раскрывае сутнасць неймінгу. Неймінг (ад англійскага «to name» - «называць, даваць імя») – гэта навука стварэння паспяховых назваў, якія павінны не проста прыгожа гучаць, а адлюстроўваць спецыфіку тавару. Спецыялістам па неймінгу В. Перцыя было сфармулявана 7 правілаў, кіруючыся якімі, можна выбраць лепшае імя для прадукту або кампаніі і дасягнуць жаданых мэтаў. Такім чынам, ідэальнае імя:

-         з’яўляецца кароткім і мае значэнне;

-          адрозніваецца ад іншых;

-         з’яўляецца ўнікальным;

-          звязана з рэальнасцю;

-         усталёўвае камунікацыйны працэс;

-         лёгка запамінаецца;

-         прыемна для вачэй і для вушэй;

-          не выклікае негатыўных асацыяцый, адмоўных эмоцый [10].

Працэс неймінгу пачынаецца з адбору семантычных або лексічных палёў, багатых карыснымі словамі. Пры гэтым лексічныя палі бяруцца з ключавых слоў. Напрыклад, калі гаворка ідзе пра паветраныя перавозкі, то выпісваюцца “неба”, “самалёт”, “птушка” і г.д. [9].

Агульныя патрабаванні да назвы – гэта дакладнасць, ёмістасць, сцісласць, эмацыйнасць і мілагучнасць. Спецыялістамі былі распрацаваны некалькі методык стварэння назваў. Бове і Арэнс у кнізе «Сучасная рэклама» апісваюць каля 8 тэхнік. В. Перцыя ў артыкуле «Неймінг: як стварыць добрае імя» апісвае 4 тэхнікі неймінгу. На іх думку, часта выкарыстоўваюцца метафары, гістарычныя назвы, абрэвіятуры. Радзей - гібрыды (пачатак аднаго слова пераходзіць у канец іншага), парабалы (перабольшванне ўласцівасцей), значныя лічбы (лічбы, асацыяваныя з якасцю або таварнай групай).

Усё вышэй сказанае датычыцца і эргонімаў. Эргонім – “уласнае імя дзелавога аб’яднання людзей, у тым ліку саюза, арганізацыі, установы, карпарацыі, прадпрыемства, грамадства, гуртка” [1, с. 38].

Эргонім ва ўмовах канкурэнтнай эканомікі набывае рысы, якія вызначаюць яго ролю не толькі для абазначэння фірмы, але і як элементу іміджу прадпрыемства, элементу дыялогу гаспадара і кліента.

У нашай працы мы будзем даследаваць эргонімы менавіта з пункту гледжання накіраванасці на ўспрыманне іх спажыўцом. А паколькі вядучай мэтай камерсанта з’яўляецца прыцягненне ўсімі спосабамі як мага большай колькасці кліентаў, то і ўздзеянне на адрасата зводзіцца да прымусу сэрца яго зрабіць выбар менавіта на карысць прадпрыемства, названага дадзеным эргонімам. Гэтым і тлумачацца асноўныя функцыі эргоніма. Ён выконвае інфармацыйную, рэкламную, агітацыйную функцыі.

Назвы прадпрыемстваў (эргонімы) і тавараў (прагматонімы) з’яўляюцца не менш важным складнікам нацыянальнай гісторыі і культуры, чым, напрыклад, назвы геаграфічных аб’ектаў і імёны ўласныя людзей [8].

 Усе назвы, прадстаўленыя на шыльдах, вывесках і бірках, - гэта нед’емная частка моўнага партрэта жыхароў пэўнай мясцовасці. Яны адлюстроўваюць моўныя перавагі нашых сучаснікаў і, у сваю чаргу, могуць уплываць на фарміраванне моўнага густу. Таму даследаванне ўласных найменняў тавараў і брэндаў важна не толькі для вырашэння тэарэтычных пытанняў анамастыкі, але і для вывучэння мовы нашай штодзённасці, культуры мовы.

Сітуацыя з найменнямі тавараў і брэндаў у значнай ступені з’яўляецца адлюстраваннем агульнай моўнай і сацыяльнай сітуацыі.



 2. СЕМАНТЫКА-СТРУКТУРНЫ АНАЛІЗ   БЕЛАРУСКАМОЎНЫХ ЭРГОНІМАЎ І ПРАГМАТОНІМАЎ

На Беларусі існуе многа прадпрыемстваў, якія выпускаюць канкурэнтназдольную прадукцыю. Назва як арганізацыі, так і таварам выбіраецца згодна з тэхнікай неймінгу. Большасць гэтых найменняў гучыць на рускай мове, аднак ёсць і беларускамоўныя. Мы сабралі 62  прагматонімы і эргонімы, класіфікавалі іх тэматычна і выявілі іх структуру.

Найбольшая колькасць вывучаемых найменняў абазначае прыродныя з’явы (33%). У прыватнасці, пераважаюць назвы раслін: цукеркі “Бярозка” (бярозка – памяншальна-ласкальнае да бяроза. Бяроза  “лісцевае дрэва з белай карой” [11]), магазін “Явар” (явар – “дрэва сямейства кляновых з вялікімі пяцілопасцевымі лістамі; белы клён (у Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўнае дрэва ў парках і садах)” [7, с.489]), санаторый “Пралеска” (пралеска – “травяністая расліна сямейства казяльцовых з  сіне-фіялетавымі кветкамі, якія зацвітаюць адразу пасля раставання снегу” [5, с.399]), прадпрыемства па пашыве адзення “Калінка” (калінка – памяншальна-ласкальнае да каліна. Каліна – “кустовая расліна сямейства бружмелевых з белымі кветкамі і чырвонымі горкімі ягадамі” [3, с.589]), цукеркі “Рамонак” (рамонак – “ травяністая расліна з адзіночнымі кветкамі, у якіх пялёсткі звычайна белыя, а сярэдзіна жоўтая” [11]),  гарэлка  “Жытняя” (жытні – “які мае адносіны да жыта” [3, с.226]), фальклорны калектыў “Васілёчкі” (васілёк – “травяністая расліна сямейства складанацветных, якая расце звычайна ў азімых пасевах і цвіце сінімі кветкамі” [2, с.458] .

 Вылучаюцца  назвы, якія абазначаюць адносіны да часавых межаў: хлеб “Адвячорак” (адвячорак – “перадвячэрні час” [2, с.124]), прадпрыемства па пашыве бялізны “Світанак” (світанак – тое, што і світанне. Світанне – “час перад усходам сонца, калі пачынае віднець; самы пачатак раніцы” [6, с.94]), батон “Верасень” (верасень – “дзявяты месяц года” [2, с.478]).

Сустракаюцца найменні, якія абазначаюць непасрэдна прыродныя з’явы: дзіцячы сад “Вясёлка” (вясёлка“шматкаляровая дугападобная палоска на небе, якая ўзнікае ад пераламлення сонечных праменняў у дажджавых кроплях; радуга” [2, с.603]),  лексема крыніца ўжыта ў двух эргонімах: піва “Крыніца” і  дзіцячы сад “Крынічка” (крынічкапамяншальна-ласкальнае да крыніца). Нам падыходзіць першае значэнне слова крыніца з існуючых трох – натуральны выхад падземных вод на паверхню зямлі, а таксама вадаём, які ўтварыўся на месцы выхаду падземных натуральных вод [11], дзіцячы сад “Сонейка” і батон “Сонейка” (назва ўтворана ад назоўніка сонца – “нябеснае свяціла ў выглядзе вогненнага шара, вакол якога круціцца Зямля і іншыя планеты нашай Галактыкі” [11] ), цукеркі “Знічка” (знічка – “падаючая зорка”  [2, с.505]). Таксама намі было выяўлена два найменні з лексемай “Буслік”, якая дала назву сетцы магазінаў тавараў для дзяцей і цукеркам. Слова буслік  мае памяншальна-ласкальнае значэнне і ўтварылася ад назоўніка бусел – ‘вялікая пералётная птушка з доўгай прамой чырвонай дзюбай і высокімі чырвонымі нагамі’ [2, с.424]. 

            Частотнымі з’яўляюцца прагматонімы, якія абазначаюць асоб чалавека. Сюды мы аднеслі наступныя назвы: магазін “Пчаляр” (пчаляр – “той, хто займаецца пчалярствам” [5, с.530]), пюрэ для дзяцей “Абібок” (абібок – “лежабок, гультай, лодар” [2, с.49]), плюшка “Гарэза” (гарэза – “весялун, дуронік, непаседа” [3, с.35]), гарэлка “Сваяк” (сваяк – “той, хто знаходзіцца ў сваяцтве з кім-небудзь” [6, с.83]), гарэлка “Сябры” (сябар – “той, хто звязаны з кім-небудзь сяброўствам” [6, с.442]), цукеркі “Бабуліны казкі” – (прыметнік бабуліны ўтвораны ад асабовага назоўніка бабуля – “ласкальнае да баба. Баба – матчына або бацькава маці” [2, с.318]), сушкі “Сялянскія” (прыметнік сялянскі ўтвораны ад назоўніка селянін – “жыхар сельскай мясцовасці, асноўным заняткам якога з’яўляецца апрацоўка зямлі” [6, с.112]).

Шмат было выяўлена лексем са значэннем абстрактных паняццяў. Усе яны абазначаюць пазітыўныя, прыемныя з’явы. Напрыклад, батон “Прыгажосць” (прыгажосць – “што-небудзь прыгожае, чароўнае; хараство” [5, с.418]), магазін шпалераў “Дабрабыт” (дабрабыт – “дастатак, матэрыяльная забяспечанасць” [3, с.108]), фабрыка пячэння “Слодыч” (лексема слодыч ў дадзеным выпадку ўжыта ў сваім першым значэнні –  ‘уласцівасць салодкага; салодкі смак’ [6, с.206]), сетка крамаў сухафруктаў “Смаката” (смаката – “што-небудзь смачнае (з яды)” [6, с.215]), гарэлка “Гутарка” (гутарка “дзелавая або сардэчная размова” [2, с.100] , сушкі “Сустрэча” (сустрэча – “спатканне з кім-чым-небудзь пры руху з розных бакоў” [6, с.393], пральны парашок “Мара” (мара – “тое, што створана ўяўленнем, фантазіяй; дзейнасць уяўлення, фантазіі”  [4, с.106]).

У асобную групу вылучаюцца найменні, якія датычаць дзяцей. Гаваркім з’яўляецца назва дзіцячага танцавальнага калектыву “Лялечкі”, якая ўтворана ад назоўніка лялька – “дзіцячая цацка ў выглядзе фігуркі чалавека” [4, с.72]. Гумарыстычным можна назваць пюрэ з агародніны і садавіны для немаўлят “Абібок”, таму што лексема абібок тлумачыцца як ‘лежабок, гультай, лодар   [2, с.49]. Традыцыйна гасцямі прыносіліся падарункі дзецям – гасцінцы. Назоўнік гасцінец (‘падарунак; звычайна які-небудзь ласунак’ [11]) выкарыстаны ў складзе эргоніма “Малочны гасцінец”.

Частотнымі з’яўляюцца прыметнікавыя найменні  – як адзіночныя, так і ў саставе словазлучэння “прыметнік + назоўнік”. Пры падзеле на групы паводле разрадаў, атрымалася, што 59 % - адносныя, 33,6 % - якасныя і толькі 8,4 % - прыналежныя. Яркімі прыкладамі адносных прыметнікаў будуць наступныя эргонімы:  малочныя камбінаты “Малочны гасцінец” і “Малочны фальварак”, мясакамбінат “Мясны куток”, бакалейнае прадпрыемства “Панскі  гатунак”, хлебакамбінат “Хатні млын”, сушкі “Сялянскія”, гарэлка “Жытняя”. Некаторыя найменні ўтвораныя ад ўласных назоўнікаў – пэўных геаграфічных назваў, у прыватнасці, гарадоў, на тэрыторыі якіх вырабляецца тавар – “Ашмянскі пачастунак” (горад Ашмяны), “Клецкая крыначка” (горад Клецк), “Нёманскі” (рака Нёман). Да якасных прыметнікаў мы аднеслі такія, як назва аптэкі “Добрыя лекі” (добры – “чулы да людзей; спагадлівы, сардэчны”  [3, с.186]), сушкі “Белая хатка” (белы – “які мае колер снегу, малака; проціл. чорны” [2, с.365], хлеб “Знаёмы” (знаёмы – “раней зведаны, спазнаны, прычны” [3, с.498], магазін “Родны кут” (падыходзіць другое значэнне прыметніка родны “свой па нараджэнні, па духу, па звычках” [11]).

Сустрэлася два субстантынаваныя назоўнікі: назва прадпрыемства па пашыве пасцельнай бялізны “Блакіт” і танцавальнага калектыву “Харошкі”. Блакіт утвораны ад  прыметніка блакітны,  што  абазначае  ‘светла-сіні колер’ [2, с.383], а харошкі – ад харошы – гэта значыць ‘прыгожы, прывабны’ [7, с.180].

Прыналежныя прыметнікі ўжыты толькі ў двух прагматонімах – цукеркі “Бабуліны казкі” і фальклорны калектыў “Матуліна песня”. Лексема бабулін тлумачыцца як ‘які мае адносіны да бабулі, належыць бабулі’  [2, с.320] і ўтвораны ад назоўніка бабуля пры дапамозе суфікса -ін-. Лексема матуля абазначае ‘які належыць матулі (маме)’ [11]. Тут таксама выкарыстоўваецца словаўтваральны суфікс -ін-, які далучаецца да назоўнікаў жаночага роду.

Пры структурным аналізе прагматонімаў і эргонімаў мы вызначылі, што большасць з іх (74 %) мае простую будову і складаецца з аднаго слова (марка аўтобусаў “Радзіміч”, кафэ “Сняданак”, рок-гурт “Тройца), а 26 % - гэта словазлучэнні, часцей за ўсё “прыметнік + назоўнік” (хлебакамбінат “Хатні млын”, прадпрыемства “Панскі гатунак”, малакакамбінат “Малочны гатунак”, магазін “Родны кут”).

Пры правядзенні анкетавання сярод вучняў Навасёлкаўскай базавай школы і жыхароў вёскі Навасёлкі было выяўлена, што 92% рэспандэнтаў лічыць прыцягальнымі беларускамоўныя назвы тавараў. Большасць (77 %) справілася з тлумачэннем семантыкі прапанаваных найменняў, толькі некаторыя словы вызвалі цяжкасці (напрыклад, явар, бярозавік, крыжачок). 95 % апытаных заявіла, што дзякуючы існуючым беларускамоўным таварным назвам  яны часцей ужываюць у сваім маўленні дадзеныя лексемы, а таксама даведваюцца новыя словы.

Такім чынам, прааналізаваўшы зафіксаваныя эргонімы і прагматонімы, мы прыйшлі да наступных высноў:

-         найбольшы працэнт беларускамоўных назваў сустракаецца сярод хлеба-булачных вырабаў,алкагольных напояў і цукерак;

-         паводле семантыкі большасць назваў абазначае  прыродныя з’явы, абстрактныя паняцці і асобы чалавека;

-         паводле складу асноўная частка найменняў аднаслоўная;

-         спажыўцы лічаць беларускамоўныя найменні неабходнымі для папаўнення ўласнага лексікону.

 

 

 


ЗАКЛЮЧЭННЕ

Таварныя знакі атрымалі шырокае распаўсюджанне ў паўсядзённым жыцці сучаснага грамадства. Без прагматонімаў і эргонімаў не абыходзіцца амаль ніводная дзейнасць чалавека. Падчас паходу ў магазін ці  прагулкі па гарадскіх вуліцах – мы іх сустракаем паўсюдна . І толькі невялікі працэнт  такіх найменняў гучыць на беларускай мове.

У дадзенай працы быў прааналізаваны  матэрыял, сабраны аўтарам шляхам фіксацыі тавараў, якія знаходзяцца на паліцах магазінаў, і існуючых прадпрыемстваў. Усяго было разгледжана 62 прагматоніма і эргоніма.

Падводзячы рысу, можна зрабіць наступныя высновы:

-         неймінг, прагматонімы і эргонімы  шырока распаўсюджаны ў галіне эканомікі, маюць на мэце прасоўванне тавару;

-         доля беларускамоўных назваў тавараў айчынных вытворцаў ад агульнай колькасці невялікая, але мае тэндэнцую да павелічэння;

-         спажыўцы станоўча ставяцца да беларускамоўных назваў таварных знакаў, могуць патлумачыць іх значэнне;

-         паводле семантыкі большасць назваў абазначаюць  прыродныя з’явы і асобы чалавека;

-         ужыванне беларускамоўных найменняў тавараў з’яўляецца пасіўным, але дзейсным сродкам павелічэння лексічнага запасу спажыўцоў.

Прапанаваная ў пачатку гіпотэза наконт таго, што распаўсюджанне беларускамоўных назваў тавараў і брэндаў айчынных вытворцаў  спрыяе павелічэнню лексікона спажыўцоў, пацвердзілася.


 

 

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1.     Подольская, Н. В. Ономастика / Н.В.Подольская. – М.: Просвещение, 1978. – 178 с.

2.     Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / рэдкал.: К.Атраховіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Галоўная рэдакцыя беларускай савецкай энцыклапедыі, 1977. – Т.1. – 605с.

3.     Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / рэдкал.: К.Атраховіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Галоўная рэдакцыя беларускай савецкай энцыклапедыі, 1978. – Т.2. – 765 с.

4.     Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / рэдкал.: К.Атраховіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Галоўная рэдакцыя беларускай савецкай энцыклапедыі, 1979. – Т.3. – 672 с.

5.     Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / рэдкал.: К.Атраховіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Галоўная рэдакцыя беларускай савецкай энцыклапедыі, 1980. – Т.4. – 767 с.

6.     Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / рэдкал.: К.Атраховіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Галоўная рэдакцыя беларускай савецкай энцыклапедыі, 1983. – Т.5. Кн.1. – 663 с.

7.     Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / рэдкал.: К.Атраховіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Галоўная рэдакцыя беларускай савецкай энцыклапедыі, 1984. – Т.5. Кн.2. – 608 с.

8.     Давидовский П. Русские имена белорусских брендов. Рэжым доступу: http://www.interfax.by/article/95534

9.     Ефремова Е. Прагматонимы. Рэжым доступу: http://wiki.uspi.ru/index.php

10.           Перция В. Нейминг: как создать хорошее имя. Рэжым доступу: http://www.mastertext. spb/name/tech/html

11.           Родныя вобразы. Тлумачальны слоўнік. Рэжым доступу: http://rv-blr.com/slounik

  

ДАДАТАК 

СПІС ПРААНАЛІЗАВАНЫХ НАЙМЕННЯЎ

Эргонімы

Назва

Тып прадпрыемства

 “Аліварыя”

піваваранная кампанія

 “Ашмянскі пачастунак”

мясакамбінат

“Блакіт”

прадпрыемства па пашыве пасцельнай бялізны

“Буслік”

сетка магазінаў тавараў для дзяцей

“Васілёчкі”

фальклорны калектыў

“Вясёлка”

дзіцячы сад

“Дабрабыт”

магазін шпалераў

“Добрыя лекі”

аптэка

“Калінка”

прадпрыемства па пашыве адзення

“Клецкая крыначка”

малочны камбінат

“Крама”

рок-гурт

“Крынічка”

дзіцячы сад

“Крышталь”

завод алкагольных напояў

“Кубік”

магазін мэблі

“Лялечкі”

танцавальны калектыў

“Малочны гасцінец”

малочны камбінат

“Мілавіца”

прадпрыемства па пашыве бялізны

“Млынок”

прадуктовы магазін

“Мясны куток”

мясакамбінат

“Панскі гатунак”

прадпрыемства бакалейных тавараў

“Пачастунак”

кафэ

“Пралеска”

санаторый

“Пчаляр”

магазін пчалаводства

“Радзіміч”

марка аўтобусаў

“Родны кут”

сетка магазінаў

“Світанак”

прадпрыемства па пашыве адзення

“Слодыч”

фабрыка па выпуску пячэння

“Смаката”

сетка крамаў сухафруктаў

“Сняданак”

кафэ

“Сонейка”

дзіцячы сад

“Тройца”

рок-гурт

“Хатні млын”

хлебакамбінат

“Харошкі”

танцавальны калектыў

“Явар”

прадуктовы магазін

 

Прагматонімы

Назва

Тып тавара

“Абібок”

пюрэ для дзяцей

“Адвячорак”

хлеб

“Бабуліны казкі”

цукеркі

“Белая хатка”

сушкі

“Бярозавік”

бярозавы сок

“Бярозка”

цукеркі

“Верасень”

батон

“Гарэза”

плюшка

“Жытняя”

гарэлка

“Зарніца над Нёманам”

хлеб

“Знаёмы”

хлеб

“Знічка”

цукеркі

“Крыжачок”

цукеркі

“Крыніца”

піва

“Ласунак”

вароная каўбаса

“Малочны фальварак”

сметанковае масла

“Мара”

пральны парашок

“Нёманскі”

хлеб

“Прыгажосць”

батон

“Рамонак”

цукеркі

“Сваяк”

гарэлка

“Сустрэча”

гарэлка

“Сябры”

гарэлка

“Сялянскія”

сушкі

“Шчодры”

хлеб