понедельник, 10 января 2022 г.

Навукова-даследчая дзейнасць


МАТЫВЫ І ВОБРАЗЫ

БЕЛАРУСКАМОЎНЫХ МУЛЬТФІЛЬМАЎ

 

 

 

Аўтар работы:

Сянкевіч Павел Антонавіч, 9 клас

ДУА “Навасёлкаўская базавая школа"

Кіраўнік работы:

Батура Таццяна Аляксандраўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

ДУА “Навасёлкаўская базавая школа”


 

                                                            УВОДЗІНЫ

Фарміраванне маральных якасцей асобы пачынаецца яшчэ з маленства. Адным з дзейсных сродкаў выхавання малодшага пакалення з’яўляюцца мультфільмы. І ад таго, якія мультфільмы выбіраюць юныя гледачы, залежыць, якія каштоўнасці ў іх будуць прыярытэтнымі. Беларускамоўная анімацыя спрыяе фарміраванню нацыянальнай свядомасці праз далучэнне да культурнай спадчыны.

Мэта дадзенай навуковай працы –  вылучэнне асноўных матываў і характарыстыка вобразаў беларускамоўных мультфільмаў.

Задачы:

-         прасачыць гісторыю станаўлення беларускай анімацыі;

-         выявіць скразныя матывы беларускамоўных мультфільмаў;

-         даць характарыстыку цэнтральным вобразам;

-         аформіць брашуру “Мультнавігатар для дзетак беларусаў”;

-         стварыць уласны кароткаметражны мультфільм.

           Аб’ект даследавання – беларускамоўныя мультфільмы, прадмет – матывы і вобразы дадзеных катэгорый.

         Актуальнасць даследавання вызначаецца неабходнасцю комплекснага вывучэння беларускамоўных мультфільмаў як  фактару развіцця нацыянальнай свядомасці.

         Метады даследавання: назіранне, параўнанне, абагульненне, класіфікацыя, лінгвістычны аналіз, эксперымент (стварэнне мультфільма на пляцоўцы камп’ютарнай праграмы СlaymationStudio).

         Можна прапанаваць гіпотэзу наконт таго, што беларускамоўныя мультфільмы здымаюцца, у асноўным, паводле фальклорных твораў і прапагандуюць высокія маральныя каштоўнасці.

Работа мае арганізаваную структуру і складаецца з уводзінаў, асноўнай часткі з двух раздзелаў, заключэння, спісу выкарыстаных крыніц і дадаткаў, у якія ўключаны  дыяграма  тэматычнага размеркавання, брашура, уласны мультфільм.

ГЛАВА 1. ГІСТОРЫЯ СТВАРЭННЯ БЕЛАРУСКАЙ АНІМАЦЫІ

Анімацыя - гэта, перш за ўсё, від кінамастацтва - мультыплікацыя з адпаведнымі тэхналогіямі. У перакладзе з французскай мовы – гэта ажыўленне намаляваных лялечных герояў, розных прадметаў. Зараз мастакам-аніматарам з алоўкам дапамагае і камп’ютарная анімацыя [6].

Гісторыя мультыплікацыі налічвае не адно тысячагоддзе. Ужо ў 70 г. да н.э. старажытныя мудрацы расказвалі аб цудоўных механізмах, з дапамогай якіх можна ствараць рухомыя ўзоры з ценяў. У 15 стагоддзі ўмельцы рабілі невялікія кніжкі, запоўненыя  малюнкамі. Кожны малюнак крыху адрозніваўся ад папярэдняга. Трэба было хутка прагартаць старонкі – і выявы ажывалі. Звычайна яны паўтаралі разнастайныя рухі людзей ці жывёл. Мода на такія кнігі ёсць і зараз. Іх называюць фліпбукамі. Яны складаюцца з набора фотакадраў (ці малюнкаў), гартаючы  якія ты нібы глядзіш анімацыйны фільм. У канцы 17 стагоддзя вынайшлі прыстасаванне, якое назвалі “чароўным ліхтаром”: яно магло паказваць рухомыя выявы, нанесеныя на пласціны са шкла. Многія вандроўныя тэатры забаўлялі публіку такімі прадстаўленнямі. У 19 стагоддзі вучоныя разабраліся ў будове чалавечага вока. Даведаліся, што яно ненадоўга захоўвае ўбачаныя выявы. Пасля такога адкрыцця новыя механізмы для мультыплікацыі сталі з’яўляцца адзін за адным. У гэты час прыдумалі страбаскоп і фенікістаскоп. Гэтыя апараты ўяўлялі сабой паверхню (круг або цыліндр) з малюнкамі, якія пры хуткім кручэнні здаваліся рухомымі. У пачатку 20 стагоддзя з’явіліся мультфільмы, створаныя з вялікага мноства карцінак. Пры гэтым адзін мастак, кадр за кадрам, перамалёўваў зменлівую фігуру персанажа, у той час як другі капіраваў на гэтыя ілюстрацыі фон. Усе кадры ствараліся з нуля. Але ўвесь працэс спрасціла празрыстая цэлулойдная плёнка. Зараз нерухомы, нязменны фон увесь час заставаўся знізу. А рухомыя аб’екты размяшчаліся зверху, на плёнцы. Яны капіраваліся і рухаліся асобна ад фона. У 1928 годзе мы пазнаёміліся з Мікі Маўсам – адным з самых папулярных персанажаў з гісторыі мультыплікацыі. У тым жа годзе яго стваральнік Уолт Дзісней прадставіў публіцы першы гукавы мультфільм.

Тэхналогіі не стаяць на месцы: зараз існуюць дзясяткі спосабаў зрабіць мультфільм. Працэс гэты вельмі працяглы і складаны. А пачынаецца ён не з рысавання персанажаў, а з ідэі.  Спачатку ў работу прыцягваюцца сцэнарысты. Яны падрабязна апісваюць  змест мультфільма. Потым гатовы сцэнарый трапляе да рэжысёра. Першае, што ён робіць, - схематычна ўзнаўляе сцэны мультфільма. На сваіх малюнках, выкананых алоўкам на паперы, рэжысёр паказвае, як выглядае герой, што ён робіць, якія прадметы яго акружаюць і многае іншае. З атрыманых сцэн здымаюць чарнавы відэарад – “аніматык”. Гэты этап работы ажыццяўляюць прыкладна за два гады да прэм’еры. Пасля гэтага ў справу ўключаюцца акцёры – яны выконваюць чарнавую агучку (часам адным голасам). Яна патрэбна для таго, каб мастакі, якія будуць працаваць над знешнасцю персанажаў, змаглі ярчэй і дакладней перадаць міміку і жэсты герояў. Прыкладна ў гэты ж час вялікая каманда спецыялістаў распрацоўвае вобразы персанажаў. Мала проста прыдумаць героя, трэба стварыць яго характар, адзенне, лінію паводзін – сапраўдную “жывую” асобу. А далей пачынаецца самае цікавае. Аніматары збіраюць разам эскізы персанажаў, сцэны і чарнавую агучку, каб атрымаліся кароткія чорна-белыя ўрыўкі мультфільма. Калі загатоўка спадабалася рэжысёру, прыйшла пара рыхтаваць чыставы варыянт. Засталося толькі вызначыцца з відам анімацыі.

Традыцыйным метадам лічыцца маляваная цэлулойдная мультыплікацыя. Другі від класічнай анімацыі – лялечная. Пры гэтым уручную ствараюцца фон-сцэна і лялькі персанажаў. Кожны нязначны рух герояў, змены ў фоне фатаграфіруюцца, потым здымкі злучаюцца ў відэарад. Лялькі і другія прадметы ў такой анімацыі могуць быць анучнымі, папяровымі, пластылінавымі і нават ценявымі. Яшчэ адзін спосаб – камп’ютарная 2D-анімацыя (плоская), дзе ўсе сцэны і кадры малююцца ў спецыяльных праграмах. Зараз яна больш папулярная, чым маляваная ці лялечная. У нашы дні стваральнікі мультфільмаў усё часцей звяртаюцца да 3D-анімацыі. Усе аб’екты і персанажы ў такім відэа аб’ёмныя, у іх рухаюцца валасы ці поўсць, яны паказваюцца гледачу з розных бакоў.

Пасля таго як анімацыя поўнасцю гатова, вялікая каманда прафесійных акцёраў і гукааператараў запісвае агучку. Адзін з апошніх этапаў работы над мультфільмам – мантаж. У гэты час збіраюцца ў адно  анімацыя, музыка, галасы герояў, фонавыя гукі. Тады ўжо праводзяць апошнія работы над колерам будучай ленты. І нарэшце – прэм’ера. У гэты дзень сотні людзей, якія працавалі над фільмам, даведваюцца, як глядач ацаніў гады іх працы [1].

Анімацыйная спадчына Беларусі - гэта каля 170 фільмаў, выкананых у розных тэхніках  адухаўлення: маляваныя, лялечныя, перакладка. Першы мультыплікацыйны фільм - «Два погляды на адно і тое ж» быў зняты ў 1972 годзе рэжысёрам Уладзімірам Голікавым на студыі “Беларусьфільм”. Гэта была створаная па замове ДАІ МУС БССР гісторыя няўдачлівага шафёра-пачаткоўцы, якая ілюструе вельмі актуальную і ў нашы дні думку: правілы дарожнага руху трэба выконваць. У тым жа 1972 годзе Уладзімір Аляксандравіч зняў другі анімацыйны фільм - «Няўдачнік». У 1973 годзе на экраны выйшлі яго мультфільмы “Вася Буслік і яго сябры”, у 1975 – “Квака-задавака”. Марта Лубянікава ўвайшла ў гісторыю беларускай анімацыі як рэжысёр вядомага лялечнага мультфільма «Цімка і Дзімка» (1975 г.). Калі глядзіш старыя айчынныя мультфільмы, то разумееш, што кожны з іх не проста забаўляе дзіця, а нясе ў сабе пэўны сэнсавы і выхаваўчы пасыл.  Так, “Квака-задавака” – гэта прыгодніцкі фільм пра ўдзел вясёлай кампаніі жабянятак у лясной спартакіядзе, дзе стаць чэмпіёнам іх правадыру Кваку перашкаджае яго саманадзейнае задаванне. “Няўдачнік” – гэта павучальная гісторыя пра нешчаслівыя прыгоды хлопчыка, які марыць стаць дрэсіроўшчыкам. Але ў яго нічога не атрымоўваецца да тых пор, пакуль ён не пачынае добра вучыцца.

Цікава было даведацца, што гэтак жа адказна першыя беларускія аніматары падыходзілі не толькі да сэнсавага напаўнення сваіх мультфільмаў, але і да іх візуальнага складніка. На студыі «Беларусьфільма” жылі хамячкі, вожыкі, кураняты, іншыя звяркі, з якіх потым “спісвалі” мультперсанажаў – іх звычкі, рухі. Нярэдка рэальныя «прататыпы» былі і ў мульцяшных герояў-людзей, так яны атрымліваліся больш натуральнымі. Рэжысёры прызнаюцца - узорам анімацыі ў тыя гады была для іх праца калегаў у Маскве. Аднак вучыліся і на ўолт-дзіснэеўскіх мультфільмах, асабліва ў плане выкарыстання камічных прыёмаў [4].

Сапраўдны росквіт беларускай анімацыі пачаўся з 1986 года, калі ў Мінск прыехалі маладыя спецыялісты – выпускнікі Вышэйшых рэжысёрскіх курсаў Масквы.

Студыя анімацыйных фільмаў (прайшоўшы ўсе этапы тэхнічнага прагрэсу - ад цэлулойднага метаду да камп'ютарных тэхналогій) цяпер працуе ў розных тэхніках адухаўлення. Акрамя маляваных і лялечных фільмаў, пяску і плоскай марыянеткі, беларускія аніматары падпарадкавалі і стылізавалі метад плоскага двухмернага перакладу пад беларускія малюнкі, выразаныя з паперы. У гэтай тэхніцы Міхаіл Тумеля стварыў не аднаго нацыянальнага героя. Беларуская анімацыя заваявала ўзнагароды на міжнародных кіна- і анімацыйных фестывалях. Зараз нашы мультфільмы глядзяць не толькі ў краінах СНД, але і ў Паўднёвай Карэі, Індыі, Бразіліі [6].

                   У Беларусі доўгі час існавала праблема з рэалізацыяй мультфільмаў, аднак у апошні час сітуацыя палепшылася. Мастацкі кіраўнік студыі анімацыйных фільмаў “Беларусьфільма” Аляксандр Ленкін зазначыў, што яго фільмы тэлеканал “Беларусь 3” паказвае прыкладна 2-3 разы ў месяц. Даступныя яны таксама і праз сетку інтэрнэт. Рэжысёр патлумачыў, што студыя мультфільмаў “Беларусьфільма” выгадна адрозніваецца ад другіх студый. Тут зафіксавана заканадаўча, што неабходна рабіць пэўную колькасць хвілін у год. Гэтыя хвіліны ператвараюцца ў мультфільмы, і атрымоўваецца прыкладна 8-10 фільмаў у год. Вялікую вядомасць А.Ленкіну прынёс першы беларуска-рускі анімацыйны серыял “Рэактыўны парсючок”[3].
У 21 стагоддзі беларуская анімацыя вярнулася да сваіх маральных вытокаў. Асноўным гледачом становіцца дзіця. Усё больш мультфільмаў выходзіць на беларускай мове і расказвае аб беларускай культуры і гісторыі. Глядзець такія творы цікава не толькі школьнікам.

Вельмі займальнымі ўяўляюцца “Выцінанкі-прымаўкі” (2008 год) Міхаіла Тумелі. У сучасным антуражы стваральнікі пастараліся перадаць каларыт нацыянальнай культуры. Мультфільм створаны ў тэхніцы выцінанкі, дзе ўсе персанажы выразаны з паперы. У 2007 “Беларусьфільм” выпусціў пазнавальны гістарычны кінапраект “Аповесць мінулых гадоў”. Расказваецца там пра гісторыю беларускіх гербаў. Над стужкай працавала цэлых 9 рэжысёраў. Для адпачынку ад гісторыі, але для далучэння да культурных традыцый, з 2003 па 2013 год студыя анімацыі радуе гледачоў мультсерыялам “Несцерка”. Гэты персанаж беларускага фальклору, балагур і весяльчак рэгулярна трапляе ў разнастайныя канфузныя сітуацыі. Але герой аптыміст, таму лёгка спраўляецца з любой праблемай [5].

Першы беларускі мультсерыял у фармаце 3D – “Робікі”. Гэта гісторыя сяброўства трох герояў Светліка, Флекса і Клепы, якія, як і звычайныя дзеці, трапляюць у дзіўныя гісторыі. Стужка была прадстаўлена на фестывалі ў Каннах.

Беларуская анімацыя актыўна развіваецца, ідзе ў нагу з часам, прымяняе пры стварэнні мультфільмаў новыя тэхналогіі і апрабіруе разнастайныя метады.

 

ГЛАВА 2. ХАРАКТАРЫСТЫКА ВОБРАЗНАГА ЛАДУ І МАТЫВАЎ БЕЛАРУСКАМОЎНЫХ МУЛЬТФІЛЬМАЎ

Усяго быў зафіксаваны ў адкрытым доступе 21 беларускамоўны мультфільм. У асноўным, здымаліся яны на кінастудыі “Беларусьфільм”. Тэматычна, згодна з асновай сцэнарыю, іх можна падзяліць на тры групы: фальклорныя (паводле беларускай народнай творчасці), перакладныя (існуе прататып на іншай мове), аўтарскія (арыгінальныя).

Да фальклорных казачных мультфільмаў адносяцца наступныя: “Дзед”, “Піліпка”, “Прыгоды Несцеркі”, “Ліса, мядзведзь і мужык”, “Казка пра неразумнае птушанятка”, “Месяц”, “Чаго на свеце не здараецца”, “Пра рыцара, што нікога не баяўся”.

Мультфільм “Дзед” распавядае пра дзікі старадаўні звычай пазбаўляцца ад старых людзей, якія ўжо не могуць прыносіць карысці. Бабуль і дзядуль прынята было садзіць у човен і адпраўляць плысці па рэчцы ў тумане. Але знаходзіцца адна сям’я, якая рызыкуе пайсці супраць падобнай традыцыі. Яны хаваюць свайго дзеда ў падвале, кормяць і даглядаюць яго. Як аказалася, пазней менавіта гэты дзед даў слушную параду, як вытрымаць у галодны год – абмалаціць зерне з саломы на даху. Даведаўшыся аб гэтым, аднавяскоўцы былі здзіўлены і згадзіліся надалей не прытрымлівацца таго дзікага звычая. З падобнай гісторыяй мы знаёміліся ў апавяданні Уладзіміра Караткевіча “Нямоглы бацька”. Тут сюжэт адрозніваецца наяўнасцю большай колькасці герояў, часавымі межамі і іншым варыянтам выратавання вёскі (у Караткевіча на людзей напаў Велікан). У абодвух творах перад намі паўстаюць як негатыўныя, так і станоўчыя вобразы. Так, да добразычлівых, гуманных, справядлівых герояў у мультфільме “Дзед” мы можам аднесці ўсіх членаў сям’і, якая не скарылася пад гнётам традыцый. Астатнія жыхары сяла з’яўляюцца носьбітамі жорсткасці, чэрствасці, а таксама цьмянасці мыслення.

У мультфільме “Піліпка” галоўны герой – маленькі хлопчык. Ён дапамагае бацькам здабываць ежу – ловіць рыбу. Побач абмаляваны адмоўны вобраз Бабы Ягі. Яна хацела выкрасці Піліпку, але адразу ёй гэта не ўдалося – яна ўпала ў халоднае возера і захварэла. Піліпка ж паказаны яркім прыкладам добрых чалавечых якасцей: ён вяртае Бабе Язе забытую качаргу, адбудоўвае паламанае гняздо, выходжвае хворую бабулю. Адразу можна зазначыць пра правільнае выхаванне хлопчыка: ён дабрадушны, спагадлівы, мама навучыла, як трэба лячыцца. Таксама да станоўчых герояў адносяцца чарвячкі з хаткі Бабы Ягі, птушкі, маці. Чарвячкі перажываюць за Піліпку, стараюцца яму дапамагчы вызваліцца з палону. Птушкі ў час пабегу хаваюць яго ў сваё дупло. Мама непакоіцца за сына, прыносіць яму піражкі на возера, кліча ласкавым голасам. А варона – памочніца ведзьмы, яна ўвесь час сочыць, каб давесці да канца брудныя справы сваёй гаспадыні: высочвае Піліпку ў час рыбалкі, хапае і цягне хлопчыка, калі ён уцякае. Усё ж дабро перамагае зло. Як кажуць, з кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Так і Баба Яга ўспомніла, што Піліпка выходжваў яе ў час хваробы, і вырашыла яго завесці дахаты.

Беларуская народная казка “Ліса, мядзведзь і мужык” дала аснову аднайменнаму мультфільму. У цэнтры ўвагі – мудрасць і хітрасць – хто каго? Ліса шляхам шантажу імкнецца дасянуць уласнай выгады, але селянін дзякуючы разумнаму падыходу кожны раз знаходзіць выйсце з сітуацыі. Фільм атрымаў прэмію «За гумар у раскрыцці нацыянальнага характару» на Усесаюзным кінафестывалі ў Кішынёве.

Паводле народнай казкі быў зняты і шматсерыйны мультыплікацыйны фільм “Прыгоды Несцеркі” (“Як Несцерка скарб знайшоў”, “Як Несцерка на кірмаш збіраўся”, “Як Несцерка з кірмашу вяртаўся”, “Як Несцерка сабе нявесту шукаў” і інш.). Аўтар-апавядальнік па-народнаму проста характарызуе галоўнага героя: ад гаспадаркі адбіўся, ад зямлі адарваўся, але неба не дастаў, так і целяпаўся паміж небам і зямлёй. Несцерка па знешнасці класічны беларус – блакітныя вочы, светлыя валасы і нацыянальная вопратка. Ён верыць у народныя прыкметы: баіцца чапаць буслінае гняздо. Прысутнічае ў яго характары і нейкая самаўпэўненасць і напорыстасць (“А я што, лыкам шыты?” – пытаецца сам у сябе і прымаецца майстраваць кола). Кіруе Несцеркам яшчэ адна адмоўная рыса – сквапнасць, калі ён адпраўляецца шукаць скарб.  У выніку быў незадаволены знойдзеным (ва ўказаным месцы аказалася гліна). Аднак выручыла  яго кемлівасць – пачаў вырабляць з гэтай гліны посуд.

У мультфільме “Казка пра неразумнае птушанятка” галоўным героем выступае маленькае птушаня, якое, шукаючы сваё месца ў жыцці, пастаянна трапляла ў небяспечныя сітуацыі. Яго каранавалі мышы, але потым напаў кот, яно апынулася ў страўніку кракадзіла, яму пагражала небяспека ў палацы і г.д.  І толькі ўбачыўшы зграю птушак, неразумнае птушаня зразумела сваё прызначэнне.

Мультыплікацыйная стужка “Пра рыцара, што нікога не баяўся” знаёміць нас з прыгодамі рыцара i ягонага слугi, якiя нiчога не баялiся: нi чорта, нi iншай нечысцi. Але самае страшнае, як аказалася,  чакала iх напрыканцы вандроўкi, калi на парозе сустракае жонка рыцара, незадаволеная тым, што муж не начаваў дома… Дарэчы, саўдтрэкам у мультфільме з’яўляецца песня ў выкананнi ВІА “Песняры”.

Мультфільм “Месяц” зняты паводле аднайменнай беларускай народнай казкі. Перад намі даволі змрочнай карціна, у цёмных танах, прыглушаны голас аўтара-апавядальніка. У цэнтры ўвагі – цяжкая доля двух братоў, якіх адпусціла маці ў свет.

Анімацыйны фільм “Чаго на свеце не здараецца” расказвае ў гіперабалічнай форме аб прыдумках селяніна. Фантазіі апавядальніка няма мяжы: у яго і злоўленая рыба большая за хату Гумар і іронія спадарожнічаюць на працягу ўсёй серыі.

Мультыплікацыйная стужка “Каму чорт дзетак калыша” прымыкае да фальклорных, але знята паводле казкі У.Караткевіча “Чортаў скарб”. У галоўнага героя Янкі ў хаце свавольнічаў чорт-дамавік, прыносіў няшчасці ў гаспадарцы. Мы сутыкаемся з іроніяй з няўпэўненасці, нясмеласці, няўмення змагацца за сваё.   “І вырашыў  Янка ўрэшце, праз гэтыя чортавы выбрыкі, забіць хату дошкамі і падавацца з дзецьмі, валамі і кошкай некуды ў свет” [2, с.115]. Але выручыў вандроўны артыст, калі ноччу чорт прыняў мядзведзя, які яго адлупцаваў, за кошку. З тых пор чорт ні нагой у хату, кошку так баяўся, што нават за сваім скарбам не прыйшоў. 

Сустракаюцца спробы экранізацыі малых фальклорных жанраў. Намі вылучаны мультфільмы па песні “Як служыў жа я ў пана”, “Выцінанка-выразанка”, сюжэтныя кампазіцыі па прымаўках “Беларускія прымаўкі”, розныя варыянты калыханак (“Дзед-барадзед”, “Доўгі дзень”).

Песня-мультфільм “Як служыў жа я ў пана” пераносіць нас у беларускую вёску пачатку 20 стагоддзя. Галоўны герой, ён жа вакаліст, распавядае гісторыю свайго служэння пану. Перад намі паўстаюць традыцыйная вёска, сяляне-жыхары, будзённыя клопаты па гаспадарцы. Асноўным матывам праходзіць беднасць і імкненне да шчасця. Не было ў мужыка ні кала ні двара. Вырашыў ён наладзіць гаспадарку. Наняўся на службу да багатага пана, абзавёўся жыўнасцю і нават ажаніўся на панскай дачцэ. Клопатаў у мужыка стала вышэй за галаву, а шчасця так і не дадалося.

Песня з “Калыханкі” “Дзед-барадзед” напісана на словы Артура Вольскага і музыку Леаніда Захлеўнага. Лялька-вядучы перадачы (ён жа выканаўца) з’явіўся на экранах у 1985 годзе і спачатку расказваў казкі сам, без мультфільмаў. А песня “Хто я – дзед-барадзед” стала візітоўкай праекта. Песня-калыханка “Доўгі дзень”ловы Генадзя Бураўкіна, музыка Васіля Раінчыка) шмат год гучала ў аднайменнай перадачы для самых маленькіх. Першапачаткова песню  прапаноўвалі ў  выкананні Ядвігі Паплаўскай,  а потым – у новай аранжыроўцы Лікі Ялінскай.

У пачатку праекта “Выцінанка-выразанка” мы знаёмімся з гісторыяй развіцця арыгінальнага народнага промыслу стварэння ажурных папяровых упрыгожванняў – выцінанкі. Потым прадстаўляецца музычны мультфільм у тэхніцы выцінанкі, які быў зняты па сюжэце песні этнагрупы “Тройца”. Тут анімацыя пераклікаецца з дакументальнымі ўстаўкамі, што робіць фільм больш дынамічным і змястоўным.

У серыі “Беларускія прымаўкі” ў жартаўлівай і надзвычай прамалінейнай форме тлумачыцца метафарычны сэнс прымавак (Чорт чорта пазнаў дый на піва пазваў – падобнае прыцягваецца; воўк не пастух, а казёл не агароднік – кожны павінен займацца сваёй справай; і баран бы касіў, каб хто за ім касу насіў – з памочнікамі працаваць лёгка).

Кінапраект “Аповесць мінулых гадоў” толькі ўмоўна можна аднесці да фальклорных, бо ў яго аснову пакладзены гістарычныя звесткі. Тут расказваецца аб стварэнні гербаў розных гарадоў і сэнсавым напаўненні выяў на іх. Мультфільм дакладны і вельмі пазнавальны, можа быць выкарыстаны на ўроках гісторыі Беларусі і на класных гадзінах па патрыятычным выхаванні.

У асобную групу вылучаюцца перакладныя мультфільмы. Сюды мы аднеслі серыял “Свінка Пэпа”, экранізацыю верша А.С.Пушкіна “У Лукамор’я дуб зялёны”, трэйлер да амерыканскага бестсэлера “Універсітэт монстраў” і праект “Маленькі прынц”.

Серыял “Свінка Пэпа” разлічаны на вельмі юную аўдыторыю – у асноўным, на дашкалят. Таму тут даволі на прымітыўным узроўні даводзіцца павага да высокіх маральных каштоўнасцей. Галоўная гераіня – свінка Пэпа – наіўная “асоба”, яна адкрытая, дабрадушная, здольная да дыялогу з акружаючым. Яна з задавальненнем вучыцца ўсяму і перадае свой вопыт малодшаму брату. У кожнай серыі ўсхваляюцца розныя пазітыўныя якасці. Напрыклад, ветлівасць, спагада, узаемадапамога.  Героі даносяць нават самыя элементарныя рэчы: “трэба здымаць брудныя боцікі перад тым, як увайсці ў дом”, “трэба мыць рукі перад прыёмам ежы”, “трэба слухаць, што гаворыць мама і тата” і г.д. Маленькі глядач ужо падсвядома вучыцца добраму і ўбірае ў сябе азы выхаванасці. Асобна варта адзначыць узаемаадносіны паміж усімі членамі сям’і – яны добразычлівыя, роўныя. Дзеці паважаюць бацькоў, а бацькі, у сваю чаргу, прыслухоўваюцца да дзяцей. Серыял яшчэ прывабны тым, што ў ім гучаць простыя беларускія словы, дзеці паступова ўзбагачаюць свой лексікон.

Мультфільм паводле верша А.С.Пушкіна “У Лукамор’я дуб зялёны” ўваходзіць у цыкл перакладных мультфільмаў. Аўтары праекта – студыя “Лукамор’е пікчэрз” г. Екацярынбург -  агучылі верш на 25 розных мовах, куды трапіла і беларуская версія. Экранізацыя твора класіка далучае гледача да сусветнай культуры, тым самым нагадвае і аб самабытнасці свайго народу.

Вартасць трэйлера да амерыканскага мультфільма “Універсітэт монстраў”, у асноўным, у тым, што ён гучыць на беларускай мове. Перакладаючы сусветныя хіты, аўтары імкнуцца павысіць павагу да роднай мовы гледачоў. Усе персанажы адкрыта падзелены на дзве групы: станоўчыя, якія імкнуцца ўсё рабіць чэсна і справядліва, і адмоўныя, якім даспадобы хітрасць і падман.

Мультфільмам “Маленькі прынц” стаў  у Францыі ў  2015 годзе. Стужка  распавядае гісторыю дзяўчынкі і яе незвычайнага сяброўства са смешным старым – тым самым лётчыкам з кнігі «Маленькі прынц». Самастойны сюжэт пераплецены ў мультфільме з сюжэтам знакамітай кнігі. Агучку мультфільма на беларускую мову зрабіла ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» і Velcom.  Героі “Маленькага прынца” гавораць па-беларуску галасамі Ганны Хітрык, Святланы Цімохінай, Зміцера Бейнарт-Саладухі, Паўла Харланчука, Сяргея Жбанкова, Уладзімера Глотава. Выданне  кнігі “Маленькі прынц” у перакладзе на беларускую мову з аўтарскімі малюнкамі арганізатары “Беларускіх уікэндаў” сумесна з кампаніяй Velcom прымеркавалі да дня нараджэння Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Наведвальнікі паказаў маюць магчымасць не толькі паглядзець мультфільм, але і набыць аднайменную кнігу ў перакладзе Ніны Мацяш [6]. 

Самая меншая колькасць мультфільмаў адносіцца да групы аўтарскіх, якія напісаны па ўласным сцэнарыі. Гэта “Прыгоды і паходы” і “Палінка”.

Пазнавальны серыял “Прыгоды і паходы” з’яўляецца самабытным праектам. Ён выпушчаны кампаніяй “Белсат” і распавядае аб падарожжах і незвычайных здарэннях  сяброў Свінтуса і Важавужа. Дзякуючы парадам галоўных герояў юныя гледачы вучацца лепш разбірацца ў акружаючым асяроддзі, даведваюцца шмат карыснай інфармацыі. Адкуль бярэцца святло, якія сезонныя змены адбываюцца ў жыцці жывёл, чаму неабходна выконваць правілы дарожнага руху –  гэта і многае іншае дзеці маюць магчымасць убачыць падчас прагляду серыяла. Такім чынам выхоўваецца дапытлівасць, паслухмянасць і акуратнасць.

Мультфільм “Палінка” мы таксама вылучылі ў групу аўтарскіх. Гэта дыпломны праект рэжысёраў Зелянко Надзеі і Касінскага Андрэя. Перад намі паўстае звычайны побытавы сюжэт, калі гарадская дзяўчынка прыехала ў госці да бабулі ў вёску. Палінцы ўсё здаецца дзіўным вакол, яна адкрыта радуецца прыродзе і забавам. На ноч бабуля расказвае казку-легенду пра чароўную папараць-кветку. І раптам бабуля захварэла. Унучка ўспомніла пра цудадзейныя магчымасці папараці і ў купальскую ноч, перамагаючы страх, адпраўляецца ў цёмны лес, каб здабыць выратаванне бабулі. І цуд здараецца – хворая папраўляецца. Асноўная думка дадзенага твора заключаецца ў тым, што трэба верыць і ісці да сваёй мэты, тады ўсё абавязкова спраўдзіцца. Палінка падаецца як вобраз добразычлівай, адкрытай і шчырай дзяўчынкі, якая здольна марыць і прыязна адносіцца да сваіх блізкіх.

Такім чынам, хоць пералік беларускамоўных мультфільмаў і невялікі, але рознабаковы. Большасць мультфільмаў зняты на аснове фальклорных твораў, у асноўным, паводле казак. Сустракаюцца таксама прымаўкі, песні, калыханкі. Выявілася спроба перакладаць замежныя мультфільмы. Часам ствараюцца аўтарскія стужкі.

Асноўныя вобразы з’яўляюцца носьбітамі мудрасці, стараннасці, працавітасці, ветлівасці. Сярод скразных матываў можна вылучыць пошукі шчасця, імкненне да гуманнасці, справядлівасці, любоў да роднага краю, асэнсаванне гістарычнага вопыту беларускага народа.

                                    

                                                  ЗАКЛЮЧЭННЕ

Прагляд мультфільмаў у сённяшні час з’яўляецца даволі папулярным правядзеннем вольнага часу дзяцей. У сучаснасці існуе вялікая колькасць  мультфільмаў ад разнастайных вытворцаў. Рынак запаланілі замежныя серыялы, але ёсць і айчынныя. А ад таго, які мастацкі прадукт прапануецца юным гледачам, залежыць стаўленне іх як асобы.

У дадзенай навукова-даследчай рабоце быў выяўлены і прааналізаваны 21 беларускамоўны мультфільм. Некаторыя нядаўна выйшлі ў пракат, таму яны не знаходзяцца ў адкрытым доступе. Пералік айчынных мультфільмаў захоўваецца на сайце студыі “Беларусьфільм” з іх асноўнымі характарыстыкамі, астатнія можна знайсці на пляцоўцы відэахостынгу “Ютуб”.

Падводзячы рысу, можна зрабіць наступныя высновы:

-         беларуская анімацыя бярэ свой пачатак з 1972 года;

-         доля беларускамоўных мультфільмаў ад агульнай колькасці невялікая;

-         80 % ствараліся на кінастудыі “Беларусьфільм”;

-         75% мультфільмаў здымаліся паводле фальклорных твораў;

-         прагляд анімацыйных гісторый на беларускай мове з’яўляецца пасіўным, але дзейсным сродкам павелічэння лексікону гледачоў;

-         асноўныя вобразы беларускамоўных мультфільмаў з’яўляюцца носьбітамі мудрасці (Дзед з аднайменнага фільма, Мужык з “Ліса, мядзведзь і мужык”), стараннасці, працавітасці (Несцерка, Важавуж), ветлівасці (Піліпка, Свінка Пэпа), але ёсць і вобразы-антыподы,  якім характэрны адмоўныя рысы: сквапнасць (Баба Яга), гультайства (мужык з “Як служыў жа я ў пана”, Свінтус), хітрасць (Ліса), абыякавасць (Янка), недалёкасць (Птушанятка, Мядзведзь), свавольства (Рыцар);

-         сярод скразных матываў можна вылучыць пошукі шчасця, імкненне да гуманнасці, справядлівасці, любоў да роднага краю, асэнсаванне гістарычнага вопыту беларускага народа.

Прапанаваная ў пачатку гіпотэза наконт таго, што беларускамоўныя мультфільмы здымаюцца, у асноўным, паводле фальклорных твораў і прапагандуюць высокія маральныя каштоўнасці, пацвердзілася.

З цягам часу колькасць беларускамоўных мультфільмаў у пракаце паступова павялічваецца.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1.      Как создаются мультфильмы // Рюкзачок. – 2016. - №11. – С.22-25.

2.      Караткевіч, У.С. Чортаў скарб // Ветразі: Кніга для пазакл. чытання ў 5 кл./ Уклад. Цітова Л.К. – Мн.: Полымя, 2000. – С. 114-120. 

3.    Аниматор Ленкин: наши мультфильмы уже показывают [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://sputnik.by/radio/20161028/1025836600/animator-lenkin-naschi-multfilmi-uzhe-pokaziwayut.html. - Дата доступа: 26.01.2017.

4.      В гостях у белорусской анимации [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://7dney.by/ru/issues?art_id=1828. - Дата доступа: 20.01.2017.

5.      История белорусской анимации [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://kyky.org/cinema/istoriia-bielorusskoi-animatsii-1991-2013-ghgh-vidieo. - Дата доступа: 22.01.2017.

6.      “Маленькі прынц” прыедзе ў Гродна [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://hrodna.life/2017/07/12/malenki-pryints-pryiedze-u-grodna-knigu-multfilm-na-belaruskay-move-pradstavyats-u-chyirvonay-zortsyi/. – Дата доступу: 13.09.2017.

7.         Новости Белтелерадиокомпании [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://www.tvr.by/news/kultura/belorusskaya_animatsiya_natsionalnoy_kinostudii_belarusfilm_otmechaet_v_etom_godu_40_letie_08_01_201/. - Дата доступа: 22.01.2017. 

 

Комментариев нет:

Отправить комментарий