вторник, 16 апреля 2019 г.

ЭАР для аналіза мастацкага твора

Пры аналізе мастацкага твора (вызначэння яго ідэйнай праблематыкі) я таксама ўжываю электронныя адукацыйныя рэсурсы. Найбольш апраўдалі сябе наступныя:
1.     Буктрэйлеры.
2.     Аўдыякнігі.
3.     Эфір блогера.
Буктрэйлер – гэта кароткі відэаролік, які распавядае пра пэўную  кнігу, мастацкі твор, інакш кажучы, рэкламуе іх. На ўроках у 5-7 класах часцей выкарыстоўваю гатовыя буктрэйлеры: у якасці анонса перад вывучэннем твора або як падагульненне ў канцы. Вучням 8-9 класаў прапаную самім стаць рэжысёрамі. Для стварэння буктрэйлераў прыстасавана любая праграма для фота- і відэамантажу. Калі працуем з  вядомымі  і лёгкімі ў карыстанні  Windows Movie Maker, Power Point, атрымліваюцца змястоўныя слайдшоу (. Калі ж плануем ужыць больш спецэфектаў альбо дынамікі, то на дапамогу прыходзяць Adobe Photoshop, SonyVegasPro, Pinaccle Studio. Больш выйгрышнымі з’яўляюцца ролікі, у якіх выкарыстоўваюцца ўласныя фотаздымкі, а не спампаваныя з інтэрнэту. Таму першапачаткова неабходна ажыццявіць паход у бібліятэку, тэатр, і, магчыма, нават  сустрэцца з аўтарам кнігі. Такі буктрэйлер стане ўнікальным. Пасля наведвання намі музею М.Багдановіча з’явіўся ролік па творчасці гэтага паэта. Вучні 9 класа стваралі буктрэйлеры паводле ілюстрацый да  паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, а сямікласнікі – да аповесці “Незагойная рана” В.Быкава.
Праслухоўванне аўдыякніг часта  рэкамендую вучням, у якіх павольны тэмп чытання. Асабліва гэта актульна, калі справа датычыцца вялікіх па аб’ёме твораў. Несумненна, лепш асабіста пазнаёміцца з тэкстам, але калі існуе пагроза таго, што вучань не паспее, то дазваляю выбраць дадзены варыянт, каб усё ж дакрануцца да сюжэту. Галоўнай ж функцыяй выкарыстання  фрагментаў аўдыязапісаў лічу прапанова іх як узораў дэкламавання. У маёй медыятэцы прысутнічаюць  спецыяльныя дыскі з запісамі літаратурных твораў, але часцей за ўсё пампую з сеткі інтэрнэт (http://knihi.com/audyjoknihi.html).
Мы нават паспрабавалі пайсці далей і запісалі ўласную міні-аўдыякнігу. Дыктарамі былі абраны вучні 8 класа, яны прадэкламавалі  казку У. Караткевіча “Нямоглы бацька”. Дадзены варыянт аўдыякнігі быў уведзены ў структуру ўрока ў 5 класе.
Гаджэты дазваляюць нам фактычна жыць анлайн. На экранах сусветнага сеціва распавядаюць усе аб усім. Прапаную сваім вучням расказаць аб кнізе, яе аўтары, пастаўленых праблемах, вобразах герояў. Мы не выкладваем ролік у інтэрнэт на ўсеагульны прагляд, а дэманструем яго для больш вузкай аўдыторыі – школы (на мерапрыемстве) ці класа (на ўроку). Мы загадзя рыхтуем тэкст, абдумваем дэкарацыі, фон. Цікавым аказаўся  цыкл ролікаў па тэматыцы “Што мы чытаем”, у якім шасцікласнікі дзяліліся ўражаннямі ад нядаўна самастойна прачытаных кніг. У кожным відэасюжэце чулася зацікаўленасць: расказвалі пра аповесці “Шчарбаты талер” А. Федарэнкі, “Дзяцінства” І. Навуменкі, «Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу» А. Наварыча.
Праца над відэаблогам прымушае развіваць розныя сферы разумовай дзейнасці: логіку, аналітыку, крытыку. Блогер – гэта рэжысёр, які павінен ёміста, дакладна і лаканічна данесці інфармацыю. Разам з тым галоўны акцэнт робіцца на эмоцыі. Пры сухім, манатонным агучванні тэксту не варта чакаць нейкага эфекту. Глядач патрабуе яркай карцінкі. Таму асноўны акцэнт мы робім на міміку, жэсты, адпаведную інтанацыю.
Калі перад намі ваенная тэматыка, то прапаную “выпусціць у эфір” відэа з разважаннямі над праблемай “Навошта нам трэба чытаць пра вайну?” Большасць  вучняў даюць адназначны адказ: каб падобнай трагедыі не паўтарыць. Але прадстаўляюць яго яны па-рознаму. Выйгрышнымі былі тыя сюжэты, у якіх блогеры выбралі кранальны тон, узгадвалі пару прыкладаў мастацкіх твораў і звярталіся да гледачоў з просьбай задумацца.  


Комментариев нет:

Отправить комментарий